ТЭЛЕАЛО́ГІЯ [ад грэч. telos (teleos) вынік, заканчэнне + ...логія],

вучэнне пра мэтазгоднасць як характарыстыку аб’ектаў, працэсаў і быцця ўвогуле. Асновы тэлеалагічнага падыходу закладзены ў стараж.-грэч. філасофіі, тэрмін «Т.» ўведзены ў навуку ў 1740 ням. філосафам К.Вольфам. У адрозненне ад дэтэрмінізму Т. пастуліруе асаблівы тып прычыннасці — мэтавы, згодна з якім мэта і канчатковы вынік уздзейнічаюць на ход кожнага працэсу. Адрозніваюць Т.: антрапацэнтрычную, згодна з якой свет створаны дзеля мэт чалавека (Вольф і інш.); трансцэндэнтную, якая прызнае існаванне звышнатуральнага пачатку, што вызначае канчатковую мэту сусветнага працэсу (Платон, неатамізм і інш.); іманентную, якая зыходзіць з таго, што мэта закладзена ў саміх рэчах (Арыстоцель, Г.​В.​Лейбніц, Ф.В.​І.​Шэлінг, Г.В.​Ф.​Гегель і інш._). Як гнасеалагічны падыход Т. разглядаў І.​Кант, які лічыў Т. «эўрыстычным прынцыпам», што мае значэнне для спосабу пазнання навакольнага асяроддзя, але не з’яўляецца анталагічнай характарыстыкай быцця. Анталагічная Т. развівалася ў філасофіі А.​Шапенгаўэра, Э Гартмана, П.​Тэяра дэ Шардэна і інш. Т. набыла пэўнае пашырэнне ў фізіялогіі (віталізм, халізм), псіхалогіі («фізіялогія актыўнасці», біхевіярызм), сацыялогіі (структурна функцыянальны аналіз), кібернетыцы (неафіналізм, інфарм., віталізм) і інш.

А.​Б.​Савеня.

т. 16, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)