ТЭЛЕБА́ЧАННЕ (ад тэле...+ бачанне),

перадача на адлегласць відарысаў рухомых і нерухомых аб’ектаў з дапамогай эл. сігналаў, якія распаўсюджваюцца па каналах сувязі; галіна навукі, тэхнікі і культуры, звязаная з перадачай на адлегласць бачнай інфармацыі. Аб’ядноўвае сістэмы тэлевізійнага вяшчання і сістэмы прыкладнога прызначэння (гл. Падводнае тэлебачанне, Прыкладное тэлебачанне). Сістэмы Т. бываюць чорна-белыя (манахромныя) і каляровыя (гл. Каляровае тэлебачанне), мона- і стэрэаскапічныя (гл. Стэрэаскапічнае тэлебачанне), з мона- і стэрэафанічным гукавым суправаджэннем, аналагавыя і лічбавыя (гл. Лічбавае тэлебачанне), наземныя, кабельныя і спадарожнікавыя. Для абмену тэлепраграмамі створаны сістэмы Еўрабачання і Інтэрбачання.

Ідэя перадачы аптычнага відарыса аб’екта ўзнікла ў канцы 19 ст. Зыходны відарыс падзяляецца на асобныя элементы, прасторавае размеркаванне якіх з дапамогай тэлевізійнай разгорткі (мех. ці электроннай) пераўтвараецца ў часавае, а светлавыя сігналы — у электрычныя (відэасігнал). Паслядоўную перадачу элементаў відарыса мех. спосабам на практыцы ажыццяўлялася з дапамогай дыска з адтулінамі, размешчанымі па спіралі (дыск Ніпкава). Б.Л.Розінг прапанаваў выкарыстоўваць электронна-прамянёвую трубку для ўзнаўлення відарыса і ў 1911 ажыццявіў тэлевізійную перадачу у лабараторных умовах. Паводле электроннай схемы Т. аналіз відарыса праводзіцца ў тэлевізійных перадавальных камерах, у апаратнай тэлевізійнага цэнтра з відэасігналу фарміруецца поўны тэлевізійны сігнал (ці лічбавы сігнал) і перадаецца на тэлевізійны цэнтр. Прыняты тэлевізарам радыёсігнал пераўтвараецца на экране (кінескопа, праекцыйным. плазменным, вадкакрышталічным і інш.) у аптычны відарыс. які з-за інерцыйнасці зроку ўспрымаецца гледачом злітным (неперарывістым). Практычнае ўкараненне Т. пачалося ў 1925 з чорна-белых перадач у Вялікабрытаніі і ЗША, у СССР — з 1931 па мех. і з 1938 па электроннай схеме.

На Беларусі тэлевізійнае вяшчанне развіваецца з 1955 (першая перадача 1956). Уключае больш за 80 перадавальных станцый (1994), прыёмныя станцыі спадарожнікавай сувязі, сетку радыёрэлейных ліній і вядзецца на 98% тэрыторыі. З 1991 развіваюцца таксама недзярж. эфірныя і кабельныя сеткі Т.

Літ.:

Телевизионная техника // Бытовая радиоэлектронная техника: Энцикл. справ. Мн., 1995.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 16, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)