БРАНШТЭ́ЙН Міхаіл Яўстафій
(2.10.1874, г. Цельшай, Літва — 29.3.1938),
гісторык культуры, краязнавец, бібліёграф. Ганаровы д-р гіст. н. Віленскага ун-та (1936). З 1919 працаваў у аддзеле рукапісаў гэтага ун-та. У пецярбургскіх, віленскіх, варшаўскіх і кракаўскіх выданнях апублікаваў каля 200 прац па гісторыі культуры Польшчы, Беларусі і Літвы (па этнаграфіі, краязнаўстве і інш.). Апісаў замкі Беларусі (асабліва поўна — Лідскі замак). Выдаў на польск. мове кнігі «Універсітэцкая бібліятэка ў Вільні да 1832 г.» (1922) і «Адам Ганоры Кіркор...» (1930).
Г.А.Каханоўскі.
т. 3, с. 245
БРАНШТЭ́ЙН Якаў Анатолевіч
(10.11.1897, г. Бельск, Польшча — 29.10.1937),
бел. і яўр. крытык і літ.-знавец. Чл.-кар. АН Беларусі (1936). Скончыў 1-ы Маскоўскі ун-т (1925), вучыўся ў Камуніст. акадэміі (1926—30). У 1930—37 у Ін-це л-ры і мастацтва АН Беларусі, адначасова з 1932 праф. Мінскага пед. ін-та. 6.6.1937 незаконна арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1918, як крытык з 1925. Аўтар прац «Аб стане яўрэйскай літаратуры ў перыяд рэканструкцыі», «Вынікі 15-гадовай барацьбы за марксізм-ленінізм у літаратуразнаўстве» (абедзве 1932), «Літаратурная вучоба» (1935) і інш. Рэалізм проціпастаўляў усім «антырэалістычным» кірункам. З вульгарна-сацыялагічных пазіцый разглядаў бел. дакастр. л-ру, творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, літ. арг-цыі «Маладняк», «Полымя», «Узвышша» абвінавачваў у бурж. нацыяналізме, варожасці да сацыялізму.
т. 3, с. 245
БРАНЬЯ́Р
(Brongniart) Адольф Тэадор (14.1.1801, Парыж — 18.2.1876),
французскі батанік. Чл. Парыжскай АН (1834). Замежны чл. Пецярбургскай АН (1829). Скончыў Парыжскі ун-т (1826). У 1828—30 працаваў у ім, з 1833 праф. Музея натуральнай гісторыі ў Парыжы. Навук. працы па эмбрыялогіі, фізіялогіі і сістэматыцы раслін. Адзін з заснавальнікаў палеабатанікі. Канстатаваў стварэнне пылковых трубак у шэрагу раслін (1827). Пабудаваў адзіную сістэму расліннага свету, якая ўключала і выкапнёвыя формы.
т. 3, с. 245
БРАНЯ́,
сродак аховы людзей, ваен. тэхнікі, узбраення і абаронных збудаванняў ад снарадаў, куляў і інш.; трывалая абалонка або яе частка. Б. вырабляецца на аснове сталі, арган. і сілікатнага шкла, высокатрывалых лёгкіх сплаваў, пластмасаў і інш. Прамысл. выраб брані пачаты ў 19 — пач. 20 ст. ў Англіі, Германіі, Расіі.
Бывае процікульная (таўшч. да 30 мм на лёгкіх баявых машынах, самалётах, верталётах і інш. для аховы ад куляў і дробных асколкаў), проціснарадная (30—400 мм на танках, караблях і абаронных збудаваннях для аховы ад снарадаў, уздзеяння ўдарнай хвалі). Паводле спосабу вытв-сці бывае літая, качаная, качана-каваная; гамагенная (аднародная па ўсёй таўшчыні) і гетэрагенная (неаднародная); маналітная (выраблена з аднаго ліста або адной адліўкі), камбінаваная (мнагаслойная; складаецца з асобных слаёў сталі, лёгкіх сплаваў, шкла, керамікі і інш.) і канструкцыйная (выраб асобных вузлоў і браніраваных канструкцый высокай трываласці).
т. 3, с. 245
БРАНЯВЫ́ Леанід Сяргеевіч
(н. 17.12.1928, Кіеў),
рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1987). Скончыў Ташкенцкі ін-т тэатр. мастацтва (1950), Школу-студыю МХАТ (1955). На сцэне з 1950. З 1961 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай, з 1988 у т-ры «Ленком». Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Блахін («Казкі старога Арбата» А.Арбузава), Сярпілін («Салдатамі не нараджаюцца» паводле К.Сіманава). З 1965 здымаецца ў кіна- і тэлефільмах: «Семнаццаць імгненняў вясны» (Дзярж. прэмія Расіі імя бр. Васільевых, 1976), «Выконваючы абавязкі», «Узброены і вельмі небяспечны», «Той самы Мюнхаўзен», «Пакроўскія вароты», «Нябёсы запаветныя» і інш.
т. 3, с. 245
БРАНЯНО́СЕЦ,
асноўны баявы карабель 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Былі ў флатах многіх краін. Паводле спосабаў аховы на іх артылерыі падзяляліся на казематныя, брустверныя і вежавыя. Існавалі браняносцы берагавой абароны і эскадраныя.
Браняносцы берагавой абароны прызначаліся для баявых дзеянняў у прыбярэжных раёнах, уваходзілі ў склад ВМФ шэрагу краін да канца 2-й сусв. вайны. Мелі вежавую артылерыю 254-мм калібру і больш, водазмяшчэнне да 8 тыс. т, скорасць да 16 вузлоў (29,6 км/гадз). Эскадраныя браняносцы прызначаліся для вядзення бою ў складзе эскадры. Мелі 4 гарматы 305-мм калібру, 6—12 — 152-мм, шмат гармат малога (да 76 мм) калібру, 4—6 тарпедных апаратаў. Браня да 450 мм, водазмяшчэнне 10—17 тыс. т, скорасць да 18 вузлоў (33,3 км/гадз), далёкасць плавання да 8 тыс. міль (14,8 тыс. км). Пасля 1905 замест браняносцаў пачалі будаваць лінейныя караблі, а найб. дасканалыя эскадраныя браняносцы былі аднесены да класа лінкораў (браняносец «Пацёмкін», «Слава» і інш.).
т. 3, с. 245
БРАНЯНО́СЦЫ
(Dasypodidae),
сямейства млекакормячых атр. непаўназубых. Вядомы з адкладаў верхняга палеацэну ў Паўд. і з плейстацэну ў Паўн. Амерыцы. 9 родаў, 20—25 відаў. Пашыраны ад Пд ЗША да Чылі і Аргенціны. Жывуць у стэпах, пустынях, саваннах і па ўзлесках. Найб. вядомыя браняносец дзевяціпаясны (Dasypus novemcinctus), які можа скруціцца ў клубок, і браняносец гіганцкі (Priodontes giganteus).
Даўж. цела 12—100 см, хваста 2,5—50 см, маса 0,3—55 кг. Спіна ўкрыта касцявым, а зверху рагавым панцырам са шчыткоў, якія ляжаць палосамі. Нараджаюць 2—12 дзіцянят. Драпежнікі. Здабываюць дзеля мяса і панцыра. 4 віды ў Чырв. кнізе МСАП.
т. 3, с. 245
БРАНЯПО́ЕЗД,
браніраваны чыг. састаў, прызначаны для агнявой падтрымкі войск і вядзення самаст. баявых дзеянняў у паласе чыгункі. Апрача паравоза (цеплавоза) меў 2 і болей вагонаў або бронепляцовак, 2—4 платформы (у пачатку і канцы браняпоезда для засцярогі яго ад падрыву), на ўзбраенні 1—2 гарматы, 8 кулямётаў. Бронепаязды выкарыстоўваліся ў час 1-й сусв., грамадз. і 2-й сусв. войнаў. У Вял. Айч. вайне былі бронепаязды ППА, узброеныя зенітнымі гарматамі і кулямётамі, для прыкрыцця ад удараў з паветра буйных чыг. вузлоў і станцый.
т. 3, с. 246
БРАНЯТА́НКАВЫЯ I МЕХАНІЗАВА́НЫЯ ВО́ЙСКІ назва роду войск у Сав. Арміі ў 1930—50-я г. Гл. Танкавыя войскі.
т. 3, с. 246
БРАСЁР
(Brasseur) П’ер [сапр. Эспінас (Espinasse) Альберт; 22.12.1905, Парыж — 14.8.1972], французскі акцёр. Скончыў драм. аддзяленне Парыжскай кансерваторыі. На сцэне з 1925. Выступаў у парыжскіх «Тэатрах бульвараў», «Тэатры Елісейскіх палёў», «Атэней» і інш. Сярод роляў: Кін («Кін» А.Дзюма-бацькі),
Петручыо («Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра), Дон Жуан («Дон Жуан» А.Мантэрлана). З 1924 здымаўся ў кіно: «Набярэжная туманаў», «Дзеці райка», «Порт дэ Ліла» (у сав. пракаце «На ўскраіне Парыжа»), «Вялікія сем’і» (у сав. пракаце «Моцныя гэтага свету») і інш. Бліскуча валодаў майстэрствам пераўвасаблення, ствараў яркія, моцныя характары.
т. 3, с. 246