БРАНЯ́,

сродак аховы людзей, ваен. тэхнікі, узбраення і абаронных збудаванняў ад снарадаў, куляў і інш.; трывалая абалонка або яе частка. Б. вырабляецца на аснове сталі, арган. і сілікатнага шкла, высокатрывалых лёгкіх сплаваў, пластмасаў і інш. Прамысл. выраб брані пачаты ў 19 — пач. 20 ст. ў Англіі, Германіі, Расіі.

Бывае процікульная (таўшч. да 30 мм на лёгкіх баявых машынах, самалётах, верталётах і інш. для аховы ад куляў і дробных асколкаў), проціснарадная (30—400 мм на танках, караблях і абаронных збудаваннях для аховы ад снарадаў, уздзеяння ўдарнай хвалі). Паводле спосабу вытв-сці бывае літая, качаная, качана-каваная; гамагенная (аднародная па ўсёй таўшчыні) і гетэрагенная (неаднародная); маналітная (выраблена з аднаго ліста або адной адліўкі), камбінаваная (мнагаслойная; складаецца з асобных слаёў сталі, лёгкіх сплаваў, шкла, керамікі і інш.) і канструкцыйная (выраб асобных вузлоў і браніраваных канструкцый высокай трываласці).

т. 3, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)