Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БРЖАЗО́ЎСКАЯ Людміла Генрыхаўна

(н. 4.6.1946, Мінск),

бел. артыстка балета. Нар. арт. Беларусі (1975). Дачка Г.Ф.Бржазоўскага. Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1966, педагогі Н.Младзінская, І.Савельева), Мінскі ін-т культуры (1987). Удасканальвала майстэрства ў Н.Дудзінскай у С.-Пецярбургу. У 1966—89 вядучая танцоўшчыца Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1989 выкладала ў Дзярж. харэагр. вучылішчы, з 1994 — у Бел. акадэміі музыкі. Яе майстэрства вызначалася высокім лірыка-трагедыйным напалам, завершанасцю ліній, уменнем спалучаць унутр. сутнасць вобраза з пластычным малюнкам танца. Упершыню на бел. сцэне выканала гал. партыі ў многіх балетах, пастаўленых А.Дадышкіліяні, В.Елізар’евым і інш. Сярод партый у бел. балетах: Нэле («Тыль Уленшпігель» Я.Глебава), Дзяўчына («Пасля балю» Г.Вагнера), Маці («Крылы памяці» У.Кандрусевіча); у балетах сучасных кампазітараў: Ева («Стварэнне свету» А.Пятрова), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Джульета («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Каханая («Карміна Бурана» на муз. К.Орфа) і інш. Яе яркая індывідуальнасць найб. поўна выявілася ў спектаклях класічнага рэпертуару: Адэта—Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Сільфіда («Сільфіда» Х.Левенскольда) і інш. Здымалася ў кінафільмах «Прададзены смех» (1981), «Міф» (1986), у тэлевізійных варыянтах балетаў «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Жызэль», «Стварэнне свету», «Камерная сюіта», тэлефільме «Танцуе Людміла Бржазоўская».

Літ.: Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 91—103; Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987; Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993. С. 24—32.

т. 3, с. 255

БРЖАЗО́ЎСКІ Генрых Францавіч

(н. 1.1.1912, Мінск),

бел. жывапісец. Бацька Л.Г.Бржазоўскай. Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1930—33) у М.Керзіна і М.Эндэ; у 1938—41 у маст. студыі Ф.Мадорава ў Мінску. У 1943—44 у партыз. атрадзе, гал. афарміцель час. «Народны мсціўца». Працуе ў галіне тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Каля 100 замалёвак, зробленых у час Вял. Айч. вайны (зберагаюцца ў Музеі гісторыі Вял. Айч. вайны, Пухавіцкім краязн. музеі і інш.), пазней увасобіў у буйнамаштабныя палотны. Сярод твораў: «Партрэт Героя Савецкага Саюза Мармулёва» і «Разведчык» (1943), «Камбрыг» (1944), «Беларускі пейзаж» і «Лес» (1946), «Выхад з блакады» і «Пахаванне таварышаў» (1947), «На родных палетках» (1952), «У ліцейным цэху» (1959), «Партызаны каля кастра» і «Брэсцкая крэпасць. 22 чэрвеня 1941 года» (1961), «Рэйкавая вайна» (1976), «Янка Купала ў гадзіны адпачынку на беразе Свіслачы» (1981), «Дубы Курасоўшчыны» (1985) і інш. Яго творы адметныя дакументальнасцю, псіхал. напоўненасцю вобразаў, змястоўнай выразнасцю жывапіснага вырашэння.

Літ.:

Фатыхава Г. Рэалізм і шчырасць // Мастацтва. 1992. № 7.

Г.А. Фатыхава.

т. 3, с. 256

БРЖЭ́СКІ Вітольд Часлававіч

(25.11.1913, с. Рутанка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.10.1984),

бел. вучоны ў галіне сац. гігіены і аховы здароўя. Д-р мед. н. (1969). Скончыў Ленінградскі мед. ін-т (1936). З 1936 працаваў у Расіі, у 1961—82 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па гісторыі земскай хірургіі.

Тв.:

Земская хирургия // Клинич. хирургия. 1963. № 12;

Роль губернских земских больниц в организации медицинской помощи населению // Сов. здравоохранение. 1968. № 1.

Літ.:

Плешавеня А. Асабісты фонд // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1987. № 2.

т. 3, с. 256

БРЖЭ́СКІ Мікалай Карнілавіч

(1860, Мінск — 9.8.1910),

эканаміст, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію, юрыд. ф-т Пецярбургскага ун-та (1886). Працаваў у Мін-ве фінансаў, з 1891 рэферэнт у канцылярыі Дзярж. савета. З 1893 чл. тарыфнага і гандл.-прамысл. к-та Мін-ва фінансаў, адначасова ў дэпартаменце ўскосных падаткаў. У 1909 ахвяраваў сваю б-ку (каля 3 тыс. тамоў кніг па фін. пытаннях) Віленскаму т-ву сяброў навук, за што атрымаў тытул чл.-пратэктара т-ва. Аўтар прац «Падатковая рэформа: Французскія тэорыі XVIII ст.» (1888), «Кругавая парука сельскіх суполак» (1896), нарысаў аб прававым становішчы сельскіх суполак, гіст. агляду заканадаўства аб ускосных падатках.

т. 3, с. 256