БРЖАЗО́ЎСКАЯ Людміла Генрыхаўна

(н. 4.6.1946, Мінск),

бел. артыстка балета. Нар. арт. Беларусі (1975). Дачка Г.Ф.Бржазоўскага. Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1966, педагогі Н.Младзінская, І.Савельева), Мінскі ін-т культуры (1987). Удасканальвала майстэрства ў Н.Дудзінскай у С.-Пецярбургу. У 1966—89 вядучая танцоўшчыца Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1989 выкладала ў Дзярж. харэагр. вучылішчы, з 1994 — у Бел. акадэміі музыкі. Яе майстэрства вызначалася высокім лірыка-трагедыйным напалам, завершанасцю ліній, уменнем спалучаць унутр. сутнасць вобраза з пластычным малюнкам танца. Упершыню на бел. сцэне выканала гал. партыі ў многіх балетах, пастаўленых А.Дадышкіліяні, В.Елізар’евым і інш. Сярод партый у бел. балетах: Нэле («Тыль Уленшпігель» Я.Глебава), Дзяўчына («Пасля балю» Г.Вагнера), Маці («Крылы памяці» У.Кандрусевіча); у балетах сучасных кампазітараў: Ева («Стварэнне свету» А.Пятрова), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Джульета («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Каханая («Карміна Бурана» на муз. К.Орфа) і інш. Яе яркая індывідуальнасць найб. поўна выявілася ў спектаклях класічнага рэпертуару: Адэта—Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Сільфіда («Сільфіда» Х.Левенскольда) і інш. Здымалася ў кінафільмах «Прададзены смех» (1981), «Міф» (1986), у тэлевізійных варыянтах балетаў «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Жызэль», «Стварэнне свету», «Камерная сюіта», тэлефільме «Танцуе Людміла Бржазоўская».

Літ.: Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 91—103; Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987; Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993. С. 24—32.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)