БЕЛАРУ́СКАЯ РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ
(БРА),
нелегальная рэвалюцыйна-дэмакр. арг-цыя нац.-вызв. характару ў Зах. Беларусі ў 1922—23. Вылучылася ў пач. 1922 з левага крыла Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і ў ліп. 1922 аформілася ў самаст. арг-цыю. У шэрагу дакументаў называлася Бел. рэв. партыя, Бел. камуніст. партыя. Арг-цыі БРА існавалі ў Вільні, Навагрудку, Пружанах, Баранавічах, Слоніме, Нясвіжы, Нова-Свянцянску, Лідзе, Валожыне, Свіслачы, Ваўкавыску і аб’ядноўвалі каля 300 чл. (1923); мела некалькі соцень спачуваючых. У ЦК БРА уваходзілі П.Корчык (І.К.Лагіновіч), А.У.Канчэўскі, Л.І.Родзевіч (А.Сталевіч), А.Р.Капуцкі. Друкаваны орган — газ. «Вольны сцяг». БРА стаяла на пазіцыях класавай барацьбы, падтрымлівала дыктатуру пралетарыяту, выступала за канфіскацыю памешчыцкай зямлі, сац. і нац. вызваленне працоўных, уз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. Знаходзілася ў пастаянным кантакце з ЦК Камуніст. рабочай партыі Польшчы. Прызнаўшы асн. праграмныя і тактычныя прынцыпы Кампартыі, 30.12.1923 прыняла рашэнне пра самароспуск і ўступленне ў КПЗБ.
І.Ф.Дзяшко.
т. 2, с. 422
БРА
(франц. bras),
насценная свяцільня; элемент дэкар. ўпрыгожання інтэр’ера. У 17—19 ст. бра — падсвечнікі, з 20 ст. таксама электрычныя. Вырабляюць з металу, шкла, дрэва і інш.
т. 3, с. 226
БРАБА́НТ
(Brabant),
гістарычная вобласць у Бельгіі і Нідэрландах паміж рэкамі Маас і Шэльда. Тэр. Брабанта (назва вядома э 7 ст.) у 4 ст. заваявалі і засялілі франкі. З 870 у складзе герцагства Ніжняя Латарынгія, у 1106—90 стаў самаст. герцагствам. З 1430 уладанне герцагаў Бургундыі (сталіца — г. Брусель), з 1477 — Габсбургаў, адна з 17 правінцый Нідэрландаў гістарычных. Цэнтр Брабанцкай рэвалюцыі 1789—90. З 1792 акупіраваны, у 1794—1814 анексіраваны франц. войскамі. Пасля ўтварэння каралеўства Бельгіі (1830) падзелены паміж ім (прав. Брабант) і Нідэрландамі (прав. Паўн. Брабант). Наследнік бельг. трона мае тытул герцага брабанцкага.
т. 3, с. 226
БРАБА́НЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1789—90,
узброенае выступленне супраць аўстр. панавання (з 1714) у бельг. правінцыях. Пачалася ў Брабанце пад уплывам Французскай рэвалюцыі 1789—99. У ходзе ваен. дзеянняў арміі бельг. валанцёраў супраць аўстр. войск і нар. паўстанняў у Бруселі і інш. гарадах (кастр.—снеж. 1789) вызвалена амаль уся тэр. Бельгіі і абвешчана незалежнасць Злучаных штатаў Бельгіі (11.1.1790). Барацьба паміж кансерватарамі і лібераламі, якія ўзначальвалі рэв. рух, аслабіла ўнутрыпаліт. становішча. Задушана аўстр. ўладамі ў снеж. 1790.
т. 3, с. 226
БРАВА́ДА
(франц. bravade),
паказная храбрасць, дзёрзкая бязмэтная выхадка.
т. 3, с. 226
БРАВА́РСКАЯ Зінаіда Іванаўна
(н. 31.8.1916, ст. Адэса-Дачная, Украіна),
бел. актрыса, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Беларусі (1967). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1937). Сцэн. дзейнасць пачала ў Т-ры юнага гледача Беларусі. З 1938 у Нац. акад. т-ры імя Я.Купалы (у 1941—50 у франтавым т-ры Масквы, т-рах Ашхабада, Пензы, Куйбышава). Выканаўца лірыка-драм. і вострахарактарных роляў. У творчасці спалучае выразны вонкавапластычны малюнак з псіхал. характарыстыкай персанажа. З лепшых роляў: Бажашуткава («Амністыя» М.Матукоўскага), Маці («Зацюканы апостал» А.Макаёнка), Ірына («Вогненны мост» Б.Рамашова), Юлечка («Даходнае месца» А.Астроўскага), Нора («Нора» Г.Ібсена), Ніхаль («Дзівак» Назыма Хікмета), Клея («Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду), Эржы («Гульня з кошкай» І.Эркеня), Сара Бернар («Смех лангусты» Дж.Марэла), Понсія («Гульня ў джын» Д.Кобурна). Знялася ў фільмах «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Нашы суседзі», «Хто смяецца апошнім», у тэлевіз. спектаклі «Крах». Аўтар і рэжысёр радыёпастановак («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча і інш.). У 1953—55 і 1967—88 выкладала ў Бел. тэатр.-маст. Ін-це.
т. 3, с. 226
БРАВЭ́ (Bravais) Агюст
(28.8.1811, г. Ананэ, Францыя — 30.3.1863),
французскі крышталёграф. Чл. Парыжскай АН (1854), праф. політэхнічнай школы ў Парыжы. Паклаў пачатак геам. тэорыі структуры крышталёў: знайшоў асн. віды прасторавых рашотак (1848; гл. Бравэ рашотка).
т. 3, с. 226
БРАВЭ́РКА,
1) у беларусаў мужчынскі доўгі аднабортны пінжак з даматканага сукна. Пярэднія полкі рабілі суцэльныя, з дзвюма праразнымі і дзвюма накладнымі кішэнямі, адкладным каўняром і бартамі, спінку — з падразной шырокай гесткай і хлясцікам. У 19 — пач. 20 ст. была пашырана сярод заможных сялян, засцянковай шляхты.
2) Верхняя кароткая мужчынская вопратка з аўчын, абцягнутая даматканым сукном.
т. 3, с. 226
БРАВЭ́ РАШО́ТКА від прасторавай рашоткі крышталёў. Прапанавана А.Бравэ ў 1848, які выказаў гіпотэзу, што прасторавыя рашоткі крышталёў пабудаваны з заканамерна размеркаваных у прасторы пунктаў (вузлоў, дзе размешчаны атамы), якія можна атрымаць у выніку паўтарэння дадзенага пункта паралельнымі пераносамі (трансляцыямі). Правядзеннем прамых ліній праз гэтыя пункты прасторавая рашотка разбіваецца на роўныя паралелепіпеды (ячэйкі).
Адрозніваюць 4 тыпы Бравэ рашоткі: прымітыўныя (вузлы — толькі ў вяршынях элементарных паралелепіпедаў), гранецэнтраваныя (у вяршынях і цэнтрах усіх граняў), аб’ёмнацэнтраваныя (у вяршынях і цэнтры паралелепіпедаў), базацэнтраваныя (у вяршынях і цэнтрах процілеглых граняў). Існуе 14 відаў Бравэ рашоткі, якія размеркаваны па 7 сінганіях (сістэмах): трыкліннай (1 від Бравэ рашоткі), манакліннай (2), тэтраганальнай (2), рамбічнай (4), трыганальнай (1), гексаганальнай (1), кубічнай (3). Бравэ рашотка выкарыстоўваецца пры апісанні атамнай структуры крышталёў (складаныя структуры, калі элементарная ячэйка змяшчае некалькі атамаў, апісваюць як некалькі Бравэ рашотак, устаўленых адна ў адну).
Літ.:
Современная кристаллография. Т. 1. М., 1979.
П.А.Пупкевіч.
т. 3, с. 226
БРА́ГА
(Braga),
горад на ПнЗ Партугаліі. Адм. ц. акругі Брага. 90,5 тыс. ж. (1991). Традыц. цэнтр тэкст. (пераважна баваўнянай), гарбарна-абутковай, харч. (у т. л. вытв-сць цукру і шакаладу), дрэваапр., хім. прам-сці. Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі. Адліўка царк. званоў. Гандл. цэнтр с.-г. раёна. Музей. Арх. помнікі 11—18 ст.
Засн., верагодна, карфагенянамі ў 296 да н.э., пазней стараж.-рымскі г. Бракара Аўгуста, сталіца рым. правінцыі Лузітаніі. У 5—6 ст. пад уладай свеваў, якія ліквідавалі рым. панаванне, з 585 у складзе дзяржавы вестготаў. У 716 заваявана арабамі, з 1040 у складзе Кастыліі. У 1-й пал. 12 ст. паліт. цэнтр Партугаліі, з 1104 рэзідэнцыя партуг. архібіскупаў.
т. 3, с. 226