Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БРО́ВАР,

вінакурня, вінакурны завод, традыцыйнае вытв. збудаванне, дзе варылі піва, гналі гарэлку.

На Беларусі вядомы з 16 ст. ў замках, сядзібах (звычайна размяшчаліся каля рэк, сажалак, зрэдку ў дварах), пры корчмах і аўстэрыях. Найчасцей гэта былі вял. драўляныя будынкі, накрытыя драніцай або гонтай, з мураванымі печамі ўнутры. Нярэдка ў склад бровара уваходзілі саладоўня з сушыльняй, варыўня, лазня, жыллё.

т. 3, с. 256

БРО́ВІКАЎ Уладзімір Ігнатавіч

(12.5.1931, г. Ветка Гомельскай вобл. — 2.10.1992),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч, журналіст, дыпламат. Скончыў БДУ (1955), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1969). Канд. філас. н. (1969). З 1965 на журналісцкай і парт. рабоце ў Віцебскай вобл. З 1969 рэдактар газ. «Віцебскі рабочы», сакратар Віцебскага абкома КПБ. У 1972—78 у апараце ЦК КПСС. З 1978 2-і сакратар ЦК КПБ, з 1983 Старшыня СМ БССР.

У 1986—90 надзвычайны і паўнамоцны пасол СССР у Польшчы. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1979—86, Вярх. Савета СССР у 1979—89. Чл. ЦК і Бюро ЦК КПБ у 1978—86, чл. ЦК КПСС у 1981—90.

т. 3, с. 256

БРОД,

мелкае месца на ўсю шырыню ракі, возера або балота, па якім можна перайсці ці пераехаць з аднаго берага на другі. У старажытнасці, да оуд-ва мастоў, праз брод праходзілі дарогі. Гразкі брод звычайна ўмацаваны грэбляй. Мае значэнне ў ваен. справе пры фарсіраванні водных перашкод. Пазначаецца на тапаграфічных картах з указаннем глыбіні і грунту. На рэках Беларусі брод нярэдка супадае з перакатамі, на азёрах — з водмелямі. Выкарыстоўваецца для перагону свойскай жывёлы на зарэчныя пашы, для заезду на аддаленыя сенажаці. Ад тэрміна «брод» утвораны многія тапонімы — назвы населеных пунктаў (у Беларусі каля 40), рэк, азёраў, урочышчаў.

т. 3, с. 257

БРО́ДАЎКА,

вёска ў Беларусі, у Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на р. Бродня. Цэнтр сельсавета. За 30 км на ПнУ ад Барысава, 106 км ад Мінска. 247 ж., 97 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. Сувязі.

т. 3, с. 257

БРО́ДНА,

возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нешчарда, за 13 км на ПнУ ад г.п. Расоны. Пл. 0,51 км², даўж. 1,02 км, найб. шыр. 680 м, найб. глыб. 3,1 м, даўж. берагавой лініі 3 км. Пл. вадазбору 3,7 км².

Схілы катлавіны выш. да 5 м, тарфяністыя, паўн.-ўсх. пясчаныя, пад лесам. Берагі забалочаныя, на ПнЗ сплавінныя, тарфяністыя. Дно плоскае, сапрапелістае, на ПдУ і У пясчанае мелкаводдзе. Прымае балотныя воды. Трыснёг і хвошч утвараюць паласу шыр. 15—20 м.

т. 3, с. 257

БРО́ДНА,

возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 24 км на ПнУ ад г.п. Расоны, за 8 км на ПнУ ад воз. Нешчарда. Пл. 0,35 км². Злучана ручаём з воз. Брадок.

т. 3, с. 257

БРО́ДНЯ,

рака ў Беларусі, у Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 33 км. Пл. вадазбору 214 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Прысынак Смалявіцкага р-на, цячэ пераважна па Верхнебярэзінскай нізіне. Асн. прытокі: Сойка (справа) і Каўпеніца (злева).

Даліна ў верхнім цячэнні трапецападобная (шыр. 3—4 км) са спадзістымі схіламі, у сярэднім і ніжнім цячэнні невыразная, зліваецца з далінамі рэк Гайна і Бярэзіна. Пойма забалочаная, у верхнім цячэнні шыр. 300—800 м, у ніжнім зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча ад вытоку на 12 км каналізаванае, ніжэй слаба ўтварае меандры. Берагі невысокія, забалочаныя.

т. 3, с. 257

БРО́ДСКІ Аляксандр Ільіч

(19.6.1895, г. Днепрапятроўск, Украіна — 21.8.1969),

украінскі фізікахімік. Чл.-кар. АН СССР (1943), акад. АН УССР (1939). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1922). З 1927 у Ін-це фіз. хіміі АН УССР, з 1939 яго дырэктар. Навук. працы па фіз. хіміі. Упершыню ў СССР атрымаў цяжкую ваду (1934) і выкарыстаў ізатопы для даследавання механізму хім. рэакцый. Аўтар падручніка «Фізічная хімія» (1928; т. 1—2. 6-е выд. 1948), манаграфій «Сучасная тэорыя электралітаў» (1934) і «Хімія ізатопаў» (2-е выд. 1957). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Літ.:

Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 71—72.

т. 3, с. 257

БРО́ДСКІ Іосіф Аляксандравіч

(24.5.1940, г. С.-Пецярбург — 28.1.1996),

рускі паэт. Пісаць пачаў у 16 гадоў. Да 1960 быў вядомы як паэт сярод моладзі і ў неафіц. колах. У 1963 арыштаваны, у 1964 за «дармаедства» прыгавораны да 5 гадоў ссылкі з абавязковым прыцягненнем да працы. Датэрмінова вызвалены (1965) дзякуючы заступніцтву А.Ахматавай, С.Маршака, Дз.Шастаковіча і інш. У 1972 Бродскі пакінуў радзіму. Жыў у ЗША. Выкладаў рус. л-ру ва універсітэтах і каледжах. Пісаў на рус. і англ. мовах. Аўтар кніг «Перапынак у пустыні» (1967), «Канец цудоўнай эпохі» (1972), «Уранія» (1987) і інш., у якіх паказаў складаны творчы і духоўны свет паэта. Яго паэзія — у своеасаблівым творчым вымярэнні і ў той жа час яна цвёрда стаіць на рэальнай зямлі. Нобелеўская прэмія 1987.

Тв.:

Соч.: В 4 т. Т. 1—2. СПб., 1992—94;

Назидание. 1990;

Форма времени. Т. 1—2. Мн., 1992.

т. 3, с. 257

БРО́ДСКІ Ісак Ізраілевіч

(6.1.1884, с. Сафіеўка Запарожскай вобл., Украіна — 14.8.1939),

расійскі жывапісец і графік. Засл. дз. маст. РСФСР (1932), праф. (1934). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1902—08) у І.Рэпіна. Член Т-ва паўн.-рус. мастакоў (з 1910). У 1934—39 дырэктар Усерасійскай АМ у Ленінградзе. Адзін з заснавальнікаў ленінскай тэмы ў сав. мастацтве. Творы: «Урачыстае адкрыццё II кангрэса Камінтэрна» (1920—24), «У.І Ленін у Смольным» і інш.; партрэты, пейзажы («Апалае лісце»), малюнкі.

Літ.:

Бродский И.А. И.И.Бродский: Статьи, письма, документы. М., 1956.

т. 3, с. 257