БРО́ДСКІ Іосіф Аляксандравіч
(24.5.1940, г. С.-Пецярбург — 28.1.1996),
рускі паэт. Пісаць пачаў у 16 гадоў. Да 1960 быў вядомы як паэт сярод моладзі і ў неафіц. колах. У 1963 арыштаваны, у 1964 за «дармаедства» прыгавораны да 5 гадоў ссылкі з абавязковым прыцягненнем да працы. Датэрмінова вызвалены (1965) дзякуючы заступніцтву А.Ахматавай, С.Маршака, Дз.Шастаковіча і інш. У 1972 Бродскі пакінуў радзіму. Жыў у ЗША. Выкладаў рус. л-ру ва універсітэтах і каледжах. Пісаў на рус. і англ. мовах. Аўтар кніг «Перапынак у пустыні» (1967), «Канец цудоўнай эпохі» (1972), «Уранія» (1987) і інш., у якіх паказаў складаны творчы і духоўны свет паэта. Яго паэзія — у своеасаблівым творчым вымярэнні і ў той жа час яна цвёрда стаіць на рэальнай зямлі. Нобелеўская прэмія 1987.
Тв.:
Соч.: В 4 т. Т. 1—2. СПб., 1992—94;
Назидание. 1990;
Форма времени. Т. 1—2. Мн., 1992.
т. 3, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)