Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БРНО

(Brno),

горад на У Чэхіі. Адм. ц. Паўднёва-Мараўскай вобласці. 390 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Буйны прамысл., гандл., навук. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (турба-, трактара-, прыладабудаванне, вытв-сць хім. абсталявання і інш.), шарсцяная, хім., паліграф., харч., мэблевая, буд. матэрыялаў. Штогадовы міжнар. прамысл. кірмаш. Філіял Чэшскай АН. Акадэмія муз. мастацтваў. Ун-т. Музеі. Міжнар. муз. фестывалі (з 1966).

Упершыню ўпамінаецца як замак у 1091. З канца 11 ст. цэнтр удзельных княстваў Пржамысловічаў, з канца 12 ст. рэзідэнцыя мараўскага маркграфа. У 1243 абвешчаны вольным каралеўскім горадам, значнае развіццё атрымаў у 13—15 ст. У 1526—1918 пад уладай Габсбургаў, адм., гасп. і культ. цэнтр Маравіі. Каля Брно (г. Аўстэрліц, цяпер г. (Слаўкаў) адбылася Аўстэрліцкая бітва 1805. З 1918 у складзе Чэхаславацкай рэспублікі, з 1969 у Чэш. Рэспубліцы.

Гіст. ядро горада размешчана на рачных тэрасах паміж скалістымі пагоркамі Шпільберк і Петраў. Горад 13—16 ст. (з ірэгулярнай планіроўкай, вузкімі вуліцамі, авальнымі ў плане ўмацаваннямі) перабудаваны ў 17—18 ст. і асабліва ў 19—20 ст. За межамі гіст. цэнтра радыяльныя праспекты з пабудовамі ў духу эклектызму, стылю «мадэрн» і функцыяналізму. Сярод помнікаў архітэктуры: замак на пагорку Шпільберк (13—18 ст.), гатычны сабор св. Пятра і Паўла (14—19 ст.), Старая (14—16 ст.) і Новая (16—18 ст.) ратушы, рэнесансавыя жылыя дамы, Дытрыхштэйнскі палац (1616—19, барока, цяпер Мараўскі музей). Комплекс Міжнар. прамысл. кірмашу (з 1920-х г.), Мараўскі банк (1930—31, арх. Б.Фукс), віла «Тугендхат» (1930—31, арх. Л.Міс ван дэр Роэ) пабудаваны ў стылі функцыяналізму. Тэатр оперы і балета імя Л.Яначака (1958—65), гасцініца «Кантыненталь» (1960-я г.), новыя жылыя раёны (Лесна, Жабавржэскі і інш.).

т. 3, с. 256