БРАНЯВЫ́ Леанід Сяргеевіч
(н. 17.12.1928, Кіеў),
рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1987). Скончыў Ташкенцкі ін-т тэатр. мастацтва (1950), Школу-студыю МХАТ (1955). На сцэне з 1950. З 1961 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай, з 1988 у т-ры «Ленком». Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Блахін («Казкі старога Арбата» А.Арбузава), Сярпілін («Салдатамі не нараджаюцца» паводле К.Сіманава). З 1965 здымаецца ў кіна- і тэлефільмах: «Семнаццаць імгненняў вясны» (Дзярж. прэмія Расіі імя бр. Васільевых, 1976), «Выконваючы абавязкі», «Узброены і вельмі небяспечны», «Той самы Мюнхаўзен», «Пакроўскія вароты», «Нябёсы запаветныя» і інш.
т. 3, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)