БРАНЯНО́СЦЫ

(Dasypodidae),

сямейства млекакормячых атр. непаўназубых. Вядомы з адкладаў верхняга палеацэну ў Паўд. і з плейстацэну ў Паўн. Амерыцы. 9 родаў, 20—25 відаў. Пашыраны ад Пд ЗША да Чылі і Аргенціны. Жывуць у стэпах, пустынях, саваннах і па ўзлесках. Найб. вядомыя браняносец дзевяціпаясны (Dasypus novemcinctus), які можа скруціцца ў клубок, і браняносец гіганцкі (Priodontes giganteus).

Даўж. цела 12—100 см, хваста 2,5—50 см, маса 0,3—55 кг. Спіна ўкрыта касцявым, а зверху рагавым панцырам са шчыткоў, якія ляжаць палосамі. Нараджаюць 2—12 дзіцянят. Драпежнікі. Здабываюць дзеля мяса і панцыра. 4 віды ў Чырв. кнізе МСАП.

т. 3, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)