БРАНЯНО́СЕЦ,
асноўны баявы карабель 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Былі ў флатах многіх краін. Паводле спосабаў аховы на іх артылерыі падзяляліся на казематныя, брустверныя і вежавыя. Існавалі браняносцы берагавой абароны і эскадраныя.
Браняносцы берагавой абароны прызначаліся для баявых дзеянняў у прыбярэжных раёнах, уваходзілі ў склад ВМФ шэрагу краін да канца 2-й сусв. вайны. Мелі вежавую артылерыю 254-мм калібру і больш, водазмяшчэнне да 8 тыс. т, скорасць да 16 вузлоў (29,6 км/гадз). Эскадраныя браняносцы прызначаліся для вядзення бою ў складзе эскадры. Мелі 4 гарматы 305-мм калібру, 6—12 — 152-мм, шмат гармат малога (да 76 мм) калібру, 4—6 тарпедных апаратаў. Браня да 450 мм, водазмяшчэнне 10—17 тыс. т, скорасць да 18 вузлоў (33,3 км/гадз), далёкасць плавання да 8 тыс. міль (14,8 тыс. км). Пасля 1905 замест браняносцаў пачалі будаваць лінейныя караблі, а найб. дасканалыя эскадраныя браняносцы былі аднесены да класа лінкораў (браняносец «Пацёмкін», «Слава» і інш.).
т. 3, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)