БРА́НЦАЎ Павел Дзмітрыевіч
(5.8.1845—?),
рускі гісторык. Стацкі саветнік. З 1873 выкладчык мужчынскай гімназіі ў Сімферопалі, у 1875—98 выкладаў гісторыю і геаграфію ў Віленскім рэальным вучылішчы, у 1898—1906 дырэктар нар. вучылішчаў у Курляндскай губ. У 1890-я г. супрацоўнічаў у «Виленском календаре» і «Виленском вестнике». Працы па гісторыі ВКЛ: «Гісторыя Літоўскай дзяржавы са старажытных часоў» (1889), «Нарыс старажытнай Літвы і Заходняй Расіі» (1891; 2-е выд. 1896). Гал. заслугай бел. князёў лічыў іх барацьбу за праваслаўе. На яго думку, рус. цары выратавалі беларусаў і літоўцаў ад польск. асіміляцыі. Ўхваляў Мураўёва за задушэнне паўстання 1863—64.
Тв.:
Польский мятеж 1863 г. Вильна, 1891 (на вокл. 1892);
Восстание поляков в 1830 и 1831 гг. Вильна, 1896.
Дз.У.Караў.
т. 3, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)