АНА́ФЕМА
(ад грэч. anathēma пракляцце),
царкоўнае пракляцце; найвышэйшая кара ў хрысціянстве, звязвалася з адлучэннем ад царквы асоб, якія адвяргаюць ці скажаюць асновы веравучэння і не выказваюць жадання пакаяцца ў гэтым. Устаноўлена з часу Халкідонскага ўсяленскага сабора (451). Абвяшчаецца на царк. саборах, а таксама ў храмах падчас богаслужэння (напр., у канцы 1-га тыдня Вялікага посту ў правасл. царкве).
т. 1, с. 341
АНАФІЛАКСІ́Я
(ад ана... + грэч. phylaxis ахова),
від алергічнай рэакцыі неадкладнага тыпу, якая развіваецца адразу пры паўторным парэнтэральным (не праз страўнікава-кішачны тракт) пападанні ў арганізм некаторых алергенаў. Найб. выразнае агульнае праяўленне — анафілактычны шок, мясцовыя — запаленне, ацёк, часам некроз тканкі. Анафілаксія можа быць і пры ўжыванні некаторых лек. прэпаратаў, укусах пчол, восаў, чмялёў, ад расліннага пылку. Гл. таксама Алергічныя хваробы, Алергія.
т. 1, с. 341
А́НАХАЙМ
(Anaheim),
горад на ПдЗ ЗША, штат Каліфорнія. Засн. ў 1858 ням. перасяленцамі. 266,4 тыс. ж. (1994); з г. Санта-Ана і прыгарадамі больш за 2 млн. Трансп. вузел. Радыёэлектронная, хім., харч. прам-сць. Кліматычны курорт на беразе Ціхага акіяна. Вядомы цэнтр «Дыснейленд».
т. 1, с. 341
АНАХРАНІ́ЗМ
(ад ана... + грэч. chronos час),
1) парушэнне храналагічнай дакладнасці, якое прыводзіць да неапраўданага ўнясення ў апісанне якой-н. эпохі рыс, характэрных для інш. часу.
2) З’явы, погляды, думкі, устарэлыя для пэўнай эпохі.
3) Перажытак мінулага.
т. 1, с. 341
АНАЦЭ́ВІЧ Ігнат Сымонавіч
(псеўд. Жэгота з Малой Бераставіцы; 1780, в. Малая Бераставіца Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 18.2.1845),
гісторык, археограф, архівіст. Вучыўся ў Кёнігсбергскім ун-це (1803—05), скончыў Віленскі ун-т (1811). У 1813—17 выкладчык у Беластоцкай гімназіі, з 1818 у Віленскім ун-це, з 1827 прафесар. У 1828 абвінавачаны ва ўдзеле ў студэнцкай арг-цыі «Плямёны сарматаў» і высланы на радзіму. З 1834 у Пецярбургу, супрацоўнік Археаграфічнай камісіі, Румянцаўскага музея. Даследаваў архівы і б-кі Пецярбурга, Дэрпта, Рыгі, Кёнігсберга, Варшавы, рукапісныя зборы прыватных асоб у Гродзенскай губ. Аўтар артыкулаў па гісторыі ВКЛ, гал. праца «Гісторыя Літвы» не надрукавана.
Дз.У.Караў.
т. 1, с. 341
АНАША́,
наркатычны прэпарат, які атрымліваюць з зялёных частак індыйскіх канапель (Cannabis indica). Гл. таксама Гашыш, Наркотыкі.
т. 1, с. 341
АНАЭРАБІЁЗ
(ад ан... + аэра... + ...біёз),
анаксібіёз, жыццё пры адсутнасці свабоднага малекулярнага кіслароду. Звычайная ўмова існавання анаэробных арганізмаў. Тэрмін анаэрабіёз увёў франц. вучоны Л.Пастэр (1861); ён паказаў, што мікраарганізмы, якія выклікаюць маслянакіслае браджэнне, гінуць у прысутнасці кіслароду. У шматклетачных жывёл анаэрабіёз — часцей часовы стан, які забяспечвае выжыванне ў перыяды недахопу кіслароду і суправаджаецца рэзкім падзеннем абмену рэчываў і пераходам у неактыўнае становішча (гл. Анабіёз). Працэсы анаэробнага ператварэння (браджэнне, гніенне) маюць вял. значэнне ў кругавароце рэчываў у прыродзе.
т. 1, с. 341
АНАЭРО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,
анаэробы (ад ан... + аэра... грэч. bios жыццё), жывёльныя і раслінныя арганізмы, здольныя існаваць і развівацца пры адсутнасці свабоднага кіслароду ў асяроддзі. Пашыраны ўсюды, дзе адбываецца распад арган. рэчываў без доступу паветра (у глебе, вадзе, донных адкладах, кампоставых кучах, у ранах, у кішэчніку чалавека і жывёл і інш.). Тэрмін увёў франц. вучоны Л.Пастэр (1861), які адкрыў бактэрыі маслянакіслага браджэння. Неабходную для жыццядзейнасці энергію анаэробныя арганізмы ў адрозненне ад аэробаў атрымліваюць за кошт акіслення арган., радзей мінер. злучэнняў у бескіслародным асяроддзі. Падзяляюцца на аблігатныя, або строгія (жывуць пры поўнай адсутнасці кіслароду, напр., маслянакіслыя, хваробатворныя бактэрыі: палачкі слупняку, газавай гангрэны, некат. стрэптакокі), і факультатыўныя, або ўмоўныя, Анаэробныя арганізмы (здольныя жыць і развівацца ў прысутнасці кіслароду і без яго, напр., дражджавыя грыбкі, малочнакіслыя бактэрыі, палачкі брушнога тыфу, інфузорыі, плоскія і круглыя чэрві). Некат. анаэробныя арганізмы выкарыстоўваюцца ў прам-сці, сельскай гаспадарцы, побыце (напр., бактэрыі спіртавога, малочнакіслага браджэння, дражджавыя грыбкі).
т. 1, с. 341
АНАЭРО́БНЫЯ ІНФЕ́КЦЫІ,
цяжкія інфекцыі, якія выклікаюцца хваробатворнымі анаэробнымі арганізмамі. Найб. небяспечныя з іх газавая гангрэна (у дачыненні да яе тэрмін анаэробныя інфекцыі ўжываецца найчасцей), слупняк, батулізм.
т. 1, с. 342