АНАЭРАБІЁЗ
(ад ан... + аэра... + ...біёз),
анаксібіёз, жыццё пры адсутнасці свабоднага малекулярнага кіслароду. Звычайная ўмова існавання анаэробных арганізмаў. Тэрмін анаэрабіёз увёў франц. вучоны Л.Пастэр (1861); ён паказаў, што мікраарганізмы, якія выклікаюць маслянакіслае браджэнне, гінуць у прысутнасці кіслароду. У шматклетачных жывёл анаэрабіёз — часцей часовы стан, які забяспечвае выжыванне ў перыяды недахопу кіслароду і суправаджаецца рэзкім падзеннем абмену рэчываў і пераходам у неактыўнае становішча (гл. Анабіёз). Працэсы анаэробнага ператварэння (браджэнне, гніенне) маюць вял. значэнне ў кругавароце рэчываў у прыродзе.
т. 1, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)