Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТУПІ́К,

1) вуліца, завулак, якія не маюць скразнога праходу і праезду, таксама праход, прастора без далейшага выхаду, прадаўжэння.

2) Чыгуначны станцыйны пуць, злучаны з інш. пуцямі толькі адным канцом.

3) У пераносным значэнні — бязвыхаднае становішча, невырашальная сітуацыя.

т. 16, с. 32

ТУ́ПІКІ (Fratercula),

род птушак сям. чысцікавых. 2 віды. Т. атлантычны (F. arctica) пашыраны на паўн. узбярэжжы Атлантычнага ак.; Т. ціхаакіянскі, або іпатка (F. corniculata), — па берагах паўн. ч. Ціхага акіяна. Жывуць у расколінах скал, сярод камянёў, часам у норах. Утвараюць калоніі.

Даўж. да 35 см, маса да 590 г. Апярэнне зверху чорнае, знізу белае, шчокі белыя. Дзюба высокая, сціснутая з бакоў, у шлюбным убранні ярка афарбаваная. Лапы аранжава-чырв., з вострымі кіпцюрамі. Кормяцца на мелкаводдзі рыбай, марскімі беспазваночнымі. Адкладваюць 1 яйцо.

Э.​Р.​Самусенка.

Тупік атлантычны.

т. 16, с. 32

ТУПУНГА́ТА (Tupungato),

вулканічны масіў на мяжы Чылі і Аргенціны, адзін з самых высокіх у Андах. Складзены з піраксенаў і андэзітаў. Гал. вяршыня — патухлы аднайм. вулкан выш. 6800 м. Ледавік пл. 157 км². Паўд.-ўсх. адгор’е ўтварае дзеючы вулкан Тупунгатыта (5640 м).

т. 16, с. 32

ТУР (франц. tour),

1) адзін круг танца ў зале, таксама адзін кругавы рух у вальсе.

2) Адна са ступеней пры шматступеннай сістэме выбараў.

3) Этап якой-н. гульні, конкурсу, спаборніцтва, на працягу якога завяршаецца пэўная частка спарт. мерапрыемства.

т. 16, с. 32

ТУР,

вымерлая млекакормячая жывёла, гл. Першабытны бык.

т. 16, с. 33

ТУР, Прудок,

рака ў Мазырскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 25 км, пл. вадазбору 178 км². Пачынаецца за 1,8 км на Пд ад в. Слабада, вусце за 1,5 км на ПнЗ ад в. Лучажэвічы. Цячэ ў межах Мазырскага Палесся. Рэчышча каналізаванае.

т. 16, с. 33

ТУР,

першы летапісны князь Тураўскага княства. «Аповесць мінулых гадоў» пад 980 паведамляе, што «...бе бо Рогволод пришел из заморья имяше волость свою Полотьске, а Тур Турове, от него же и Туровци прозвашася...». Адны вучоныя (В.​М.​Тацішчаў, В.​В.​Ключэўскі, У.​З.​Завітневіч, М.​М.​Ціхаміраў) лічаць Т. гіст. асобай на той падставе, што яго імя змешчана ў летапісе побач з гістарычна сапраўдным Рагвалодам. Другія вучоныя (А.​А.​Шахматаў, М.​В.​Доўнар-Запольскі, А.​С.​Грушэўскі, Дз.​С.​Ліхачоў) лічаць паведамленне летапісу этымалагічнай легендай для тлумачэння паходжання назвы г. Тураў, а Т. асобай легендарнай. На думку гісторыка П.​В.​Галубоўскага, Т. — мясцовы язычніцкі бог, раўназначны Ярылу. Канчаткова пытанне пра гістарычнасць Т. не вырашана. Магчыма, гэта прозвішча мясц. князя, бо ў слав. мовах пашыраны тапонімы з коранем «тур», а горад, несумненна, мае назву, звязаную з імем асобы.

П.​Ф.​Лысенка.

Тур. Малюнак Я.​Куліка. 1980.

т. 16, с. 33

ТУР (Tours),

горад у Францыі, на р. Луара. Адм. ц. дэпартамента Эндр і Луара, гал. горад гіст. вобл. Турэн. Каля 150 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: эл.-тэхн. і с.-г. машынабудаванне, паліграф., мэблевая. Паблізу Т., у Шыноне, — буйнейшыя ў краіне АЭС. Ун-т. Арх. помнікі 11—18 ст. Турызм.

У старажытнасці паселішча кельцкага племя туронаў. Пасля захопу рымлянамі наз. Цэзарадунум. Адзін з першых асяродкаў хрысціянства, з 3 ст. цэнтр біскупства, з 9 ст. — архібіскупства. З 4 ст. наз. Т., цэнтр рым. правінцыі. У 473 заняты вестготамі, у 507 — франкамі. У канцы 8 ст. пры Турскім кляштары Алкуін стварыў школу. У 853 і 903 разбураны нарманамі. З 1044 Т. пад уладай графаў Анжуйскіх, у 1154—1204 — англ. каралёў, з 1204 — франц. караля. Пры Карле VII [1422—61] і Людовіку XI тут знаходзілася каралеўская рэзідэнцыя і засядалі Генеральныя штаты, чаканілі сваю манету — турскія ліўры. У час рэлігійных войнаў 16 ст. Т. — цэнтр гугенотаў. У франка-прускую вайну 1870—71 акупіраваны ням. войскамі. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны.

т. 16, с. 33

ТУР Андрэй Мікалаевіч (н. 20.4.1953, С.-Пецярбург),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1992), праф. (1993). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1974) і працаваў у ім (у 1982—88, 1991—95 заг. кафедры). У 1983—85 у Гаванскім ун-це (Куба). З 1995 нам. міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па гісторыі эканам. вучэнняў, праблемах фарміравання палітыкі макраэканам. стабілізацыі ў пераходны перыяд, эканам. бяспекі і інавацыйна-інвестыцыйнай дзейнасці.

Тв.:

Основы западной теории рыночной экономики. Мн.. 1997;

Словарь современных экономических и правовых терминов. Мн., 2002 (у сааўт.).

Тур. Кафедральны сабор.

т. 16, с. 33

ТУР Юрый Мікалаевіч (н. 4.3.1937, Мінск),

бел. тэатральны мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1962). У 1964—70 і ў 1973—94 працаваў у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі (у 1974—89 гал. мастак), у 1970—73 — у Бел. рэсп. т-ры юнага гледача. У дэкарацыях арганічна спалучае зрокавыя вобразы, жывапіс і асвятленне з характарам падзей спектакля. У рус. т-ры аформіў спектаклі: «Куды ідзеш, Сяргей?» А.​Маўзона і «Дзеці сонца» М.​Горкага (1965), «Шчыт і меч» паводле В.​Кажэўнікава (1967), «Дзеля жыцця» («Першы ўрок») К.​Губарэвіча і «Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі (1968), «Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага (1974), «Васіль Цёркін» паводле А.​Твардоўскага і «Энергічныя людзі» В.​Шукшына (1975), «Трохграшовая опера» Б.​Брэхта (1976), «Вяртанне ў Хатынь» паводле А.​Адамовіча і «Лазня» У.​Маякоўскага (1977), «Пайсці і не вярнуцца» (1978) і «Знак бяды» (1985) паводле В.​Быкава, «Сінія коні на чырвонай траве» («Рэвалюцыйны эцюд») М.​Шатрова (1979), «Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава (разам з Я.​Волкавым) і «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1981), «Гамлет» У.​Шэкспіра і «Бабскае царства» Ю.​Нагібіна (1984), «Апошні наведвальнік» У.​Дазорцава (1986), «Ноч анёла» А.​Розанава і «Начныя карлікі і Антыгона» («Дарагая Алена Сяргееўна») Л.​Разумоўскай (1987), «І быў дзень» («Злом») А.​Дударава і «Доўгае падарожжа ў ноч» Ю.​О’Ніла (1988), «Курыныя галовы» Дз.​Шапіры і «Тут жывуць людзі» А.​Фугарда (1989), «Свабодны шлюб» Д.​Фо, Ф.​Рашэ (1994). У т-ры юнага гледача аформіў спектаклі: «Том — вялікае сэрца» С.​Багамазава і С.​Шатрова (1962), «Бялее ветразь адзінокі» В.​Катаева (1970), «Несцерка» В.​Вольскага (1971), «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.​Махнача, «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець...» паводле Я.​Купалы і М.​Чарота, «З любімымі не расставайцеся» А.​Валодзіна (усе 1972), у Брэсцкім абл. драм. т-ры — «На бойкім месцы» А.​Астроўскага (1972), «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка (1973), «Каварства і каханне» Ф.​Шылера (1974); у Бел. т-ры імя Я.​Коласа — «Пяць рамансаў у старым доме» У.​Аро (1982), «Блытаныя сцежкі» («На вастрыі») К.​Крапівы (1983); у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі — оперы «Сівая легенда» Дз.​Смольскага (1978), «Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера (1980), балет «Курган» Я.​Глебава (1982).

П.​А.​Карнач.

Ю.Тур. Эскіз дэкарацыі да спектакля «Дзеці сонца» М.​Горкага. 1965.

т. 16, с. 33