ТУР (Tours),

горад у Францыі, на р. Луара. Адм. ц. дэпартамента Эндр і Луара, гал. горад гіст. вобл. Турэн. Каля 150 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: эл.-тэхн. і с.-г. машынабудаванне, паліграф., мэблевая. Паблізу Т., у Шыноне, — буйнейшыя ў краіне АЭС. Ун-т. Арх. помнікі 11—18 ст. Турызм.

У старажытнасці паселішча кельцкага племя туронаў. Пасля захопу рымлянамі наз. Цэзарадунум. Адзін з першых асяродкаў хрысціянства, з 3 ст. цэнтр біскупства, з 9 ст. — архібіскупства. З 4 ст. наз. Т., цэнтр рым. правінцыі. У 473 заняты вестготамі, у 507 — франкамі. У канцы 8 ст. пры Турскім кляштары Алкуін стварыў школу. У 853 і 903 разбураны нарманамі. З 1044 Т. пад уладай графаў Анжуйскіх, у 1154—1204 — англ. каралёў, з 1204 — франц. караля. Пры Карле VII [1422—61] і Людовіку XI тут знаходзілася каралеўская рэзідэнцыя і засядалі Генеральныя штаты, чаканілі сваю манету — турскія ліўры. У час рэлігійных войнаў 16 ст. Т. — цэнтр гугенотаў. У франка-прускую вайну 1870—71 акупіраваны ням. войскамі. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны.

т. 16, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)