Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛЬМАНДЗІ́Н,

мінерал групы гранатаў Fe3Al2(SiO4)3. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі, суцэльныя масы. Колер фіялетава-чырвоны, густа-чырвоны да карычнявата-чорнага. Цв. 7—7,5. Шчыльн. 3,8—4,3 г/см³. Тыповы мінерал рэгіянальна метамарфізаваных гліністых горных парод, а таксама ў гранулітах і зонах кантактавага метамарфізму. Пашыраны абломкавы мінерал. Радовішчы — элювіяльныя, алювіяльныя і прыбярэжна-марскія россыпы з разбураных гранатзмяшчальных крышт. сланцаў (Шры-Ланка, Індыя, Бразілія, ЗША, Расія). Абразіўны матэрыял. Празрыстыя, прыгожа афарбаваныя крышталі — каштоўныя камяні.

т. 1, с. 279

Альманскія Балоты

т. 18, кн. 1, с. 333

АЛЬМА́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Стружскім с/с Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса «Беларусь». За 21 км ад Століна, 266 км ад Брэста, 28 км ад чыг. ст. Гарынь. 1264 ж., 372 двары (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Магілы ахвяр фашызму. Каля Альманаў стаянкі эпохі неаліту.

т. 1, с. 279

АЛЬМАРАВІ́ДЫ,

дынастыя берберскіх эміраў, якая правіла ў Марока і арабскай Іспаніі ў 1050—1147.

Прыйшлі да ўлады ў выніку дзейнасці артадаксальнага рэліг. руху за першапачатковы іслам манахаў-воінаў на чале з Абдалахам ібн Ясінам (п. 1058). Найб. значны прадстаўнік Альмаравідаў Юсуф ібн Ташфін [1061—1107] у 1062 заснаваў г. Маракеш, да 1084 падначаліў берберскія княствы Марока і Зах. Алжыра. Паміж 1086 і 1090 ён заваяваў і аб’яднаў араб. Іспанію. Альмаравіды скінуты ў 1147 Альмахадамі.

т. 1, с. 279

АЛЬМАХА́ДЫ,

дынастыя берберскіх эміраў, якая правіла ў Марока і арабскай Іспаніі ў 1147—1269.

Засн. ў выніку дзейнасці ісламскай секты на чале з Ібн Тумартам, які змагаўся супраць рэліг. плыні Альмаравідаў. Пасля смерці Ібн Тумарта (1128) яго пераемнік Абд аль-Мумін [1133—63] скінуў Альмаравідаў (1147), і дзяржава Альмахадаў распасцерлася на ўсю Паўн.-Зах. Афрыку. На працягу 12 ст. эміры з Альмахадаў заваявалі араб. Іспанію, іх дзяржава дасягнула эканам. і культ. росквіту. Паражэнне ад хрысц. каралёў Кастыліі, Навары і Арагона ў 1212 паклала пачатак выцясненню Альмахадаў з Іспаніі; імкненне да самастойнасці намеснікаў падарвала іх магутнасць у Афрыцы. У 1269 Альмахады разгромлены Мерынідамі.

т. 1, с. 280

А́ЛЬМА-МА́ТЭР

(лац. alma mater літар. маці-карміцелька),

старадаўняя студэнцкая назва універсітэта (якае дае «духоўны пажытак»); ужываецца як ласкальнае або жартоўнае, нярэдка ў дачыненні да інш. скончаных асобай навуч. устаноў.

т. 1, с. 278

АЛЬМЕ́ЙДА МЕДЫ́НА

(Almeida Medina) Кладаміра (н. 11.2.1923, г. Сант’яга),

дзярж. і паліт. дзеяч Чылі. Скончыў Чылійскі ун-т. У 1952—53 міністр працы, У 1953—56 міністр гарнаруднай прам-сці, у 1970—73 міністр замежных спраў, нац. абароны ва ўрадзе С.Альендэ Госенса. Арыштаваны ў час ваен. перавароту (1973). У 1975 вызвалены і высланы з краіны. У 1978—89 нам. ген. сакратара, ген. сакратар Сацыяліст. партыі Чылі, старшыня Аб’яднанай сацыяліст. партыі Чылі, з 1988 старшыня Каардынацыйнага к-та сацыяліст. партый краін Лац. Амерыкі.

т. 1, с. 280

АЛЬМЕ́КІ

(Olmec),

індзейскі народ, які ў 14—3 ст. да н.э. насяляў тэр. сучасных штатаў Веракрус, Табаска і Герэра (Мексіка). Назва ад плямёнаў, што жылі тут у 11—14 ст. Займаліся лядным земляробствам і рыбалоўствам, былі выдатнымі разьбярамі па камені. Узвялі буйныя цырыманіяльныя цэнтры Ла-Вента, Трэс-Сапотэс і інш. Захавалася шмат помнікаў манум. скульптуры. Вядомы каменныя статуэткі істотаў, у якіх зліваюцца рысы чалавека і ягуара, — папярэднікі бога дажджу ў майя і інш. народаў. Іерогліфы альмекаў не прачытаны; верагодна, на іх падставе з’явіліся іерогліфы майя. Росквіт культуры альмекаў прыпадае на пачатак 1-га тыс. да н.э. Паміж 600 і 400 да н.э. асн. цэнтры альмекаў былі разбураны ці пакінуты. Знікненне альмекаў верагодна, звязана з этнічнымі міграцыямі.

т. 1, с. 280

АЛЬМЕРЫ́Я

(Almeria),

горад на Пд Іспаніі, у аўт. вобласці Андалусія. Адм. ц. правінцыі Альмерыя. 141 тыс. ж. (1981). Порт на Міжземным м. Харч., лёгкая, цэлюлозна-папяровая, цэментная прам-сць, вытв-сць муз. інструментаў; вінаробства. Руіны арабскай крэпасці Алькасаба (8—11 ст.), сабор (15—16 ст.).

т. 1, с. 280

АЛЬМЕ́ЦЬЕЎСК,

горад у Татарстане, цэнтр Альмецьеўскага р-на, на р. Зай. 137,5 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Цэнтр нафтавай і газаздабыўной прамысловасці (вытв-сць машын і абсталявання для нафтаздабычы), машынабудаванне і металаапрацоўка, газаперапр., дрэваапр., лёгкая, харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Пачатковы пункт нафтаправода «Дружба».

т. 1, с. 280