АЛЬМАХА́ДЫ,

дынастыя берберскіх эміраў, якая правіла ў Марока і арабскай Іспаніі ў 1147—1269.

Засн. ў выніку дзейнасці ісламскай секты на чале з Ібн Тумартам, які змагаўся супраць рэліг. плыні Альмаравідаў. Пасля смерці Ібн Тумарта (1128) яго пераемнік Абд аль-Мумін [1133—63] скінуў Альмаравідаў (1147), і дзяржава Альмахадаў распасцерлася на ўсю Паўн.-Зах. Афрыку. На працягу 12 ст. эміры з Альмахадаў заваявалі араб. Іспанію, іх дзяржава дасягнула эканам. і культ. росквіту. Паражэнне ад хрысц. каралёў Кастыліі, Навары і Арагона ў 1212 паклала пачатак выцясненню Альмахадаў з Іспаніі; імкненне да самастойнасці намеснікаў падарвала іх магутнасць у Афрыцы. У 1269 Альмахады разгромлены Мерынідамі.

т. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)