АЛЬМАРАВІ́ДЫ,

дынастыя берберскіх эміраў, якая правіла ў Марока і арабскай Іспаніі ў 1050—1147.

Прыйшлі да ўлады ў выніку дзейнасці артадаксальнага рэліг. руху за першапачатковы іслам манахаў-воінаў на чале з Абдалахам ібн Ясінам (п. 1058). Найб. значны прадстаўнік Альмаравідаў Юсуф ібн Ташфін [1061—1107] у 1062 заснаваў г. Маракеш, да 1084 падначаліў берберскія княствы Марока і Зах. Алжыра. Паміж 1086 і 1090 ён заваяваў і аб’яднаў араб. Іспанію. Альмаравіды скінуты ў 1147 Альмахадамі.

т. 1, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)