Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сасо́чак, ‑чка, м.

1. Памянш.-ласк. да сасок (у 1, 2 знач.).

2. Бугарок на паверхні скуры, на слізістай абалонцы і пад., якому ўласціва адчувальнасць. Сасочкі надскуркі. Пер’евыя сасочкі.

сасочкападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны на сасок, сасочак.

саспе́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які стаў спелым (пра плады і пад.). Адам сыходзіў з дарогі — былі Пакуцічы, — шукаў першыя саспелыя арэхі. Вышынскі.

саспе́ць, ‑ее; зак.

Разм.

1. Паспець, стаць спелым (пра плады і пад.). Не сядзець жа, склаўшы рукі, на прызбе ды чакаць, пакуль жыта саспее. Хадановіч.

2. перан. Скласціся, набыць завершаную форму. У штабе саспеў новы план. Колас. У .. [Ганны] саспела рашэнне, якое яна не хацела прымаць адна. Кавалёў.

3. Спец. Набыць у працэсе вытрымкі найлепшыя для выкарыстання якасці. Як толькі саспелі сыры,.. [Пятрок] павёз іх прадаваць. Скрыган.

саспява́ць, ‑ае.

Незак. да саспець.

сасса́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сассаць.

сасса́ць, ‑есу, ‑ссеш, ‑ссе; ‑сеем, ‑ссяце; зак., каго-што.

1. Выссаць (якую‑н. вадкасць) поўнасцю, да канца. Сассаць малако.

2. і чаго. Адассаць некаторую колькасць якой‑н. вадкасці.

3. Знясіліць ссаннем. Кацяняты сассалі кашку.

саставі́цель, ‑я, м.

Спец. Спецыяліст па састаўленню, фарміраванню саставу, поезда. У пакоі дзяжурнага курылі аглядчыкі вагонаў і саставіцелі. Навуменка.

саставі́цельскі, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да саставіцеля. [Садоўская:] — Перадайце маю прапанову саставіцельскай брыгадзе. Васілёнак.

саста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., што.

1. Паставіць поруч або ў адно месца. Саставіць вінтоўкі ў піраміду. □ Сажнуць сярпамі з жонкай жытні клін, Збяруць снапы, саставяць іх у бабкі. Корбан. Міхась туды [у куток пуні] саставіў старыя калоды. Б. Стральцоў. // Прыставіць, падставіць адно да другога. Умомант саставілі [хлопцы] адзін к аднаму сталы, як на вяселлі, і паселі наўкруга. Мурашка.

2. Атрымаць што‑н. цэлае, злучыўшы, змацаваўшы асобныя часткі. Саставіць поезд. □ [Гаварушка:] — Таксама навука — як разбіты гаршчок саставіць. Лобан. // Атрымаць (сумесь, раствор і пад.), перамяшаўшы якія‑н. рэчывы. Саставіць лякарства.

3. Зняць што‑н., пастаўленае наверх. Саставіць са стала на падлогу.

•••

Саставіць ураўненне — запісаць умову задачы ў выглядзе ўраўнення, якое змяшчае шукаемую велічыню.