Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

каме́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца каменем (у 1 знач.), складаецца з каменю. Каменная парода. Каменная гара. Каменная скала.

2. Выраблены, пабудаваны з каменю, з камення або з цэглы. Каменны дом. Каменны падмурак. □ Тры пад’езды з вуліцы, з адшліфаванымі каменнымі ганкамі, .. нагадвалі ўваход у касцёл. Бядуля. Узнімаючы слуп пылу, імчаліся грузавікі, грукацелі гарматы па каменным бруку. Лынькоў.

3. Які характарызуецца апрацоўкай каменю, выкарыстаннем прылад з каменю (пра перыяд, эпоху). Каменны век.

4. перан. Нерухомы, застылы. Дзед з сухім каменным тварам і невідушчымі вачамі нясе на руках Паўліка. Хомчанка. А маці стаіць за сцяной: Ні з месца — Каменнаю стала. Бялевіч.

5. перан. Абыякавы, нячулы, раўнадушны. Сэрца чарсцвела, рабілася каменным, толькі адно кволае пачуццё і засталося ў ім. Мурашка.

6. Непахісны, стойкі, упарты. — Я сказаў, што не пушчу, а здам у міліцыю, пакуль не заплаціш, — з каменнай упартасцю гаварыў кантралёр. Скрыган. Каменнаму трэба быць, каб жыць у сям’і Верамейчыкаў. Крапіва.

7. Як састаўная частка некаторых: батанічных, заалагічных і мінералагічных назваў. Каменная бяроза. Каменны баран. Каменная соль. Каменны вугаль.

•••

Каменная баба гл. баба.

Каменны мяшок гл. мяшок.

Як за каменнай сцяной гл. сцяна.

камента́рый, ‑я; Р мн. ‑яў; м.

1. Тлумачэнне да якога‑н. друкаванага тэксту ў форме заўваг, зносак і пад. Фразеалогія арыгінала, захаваная [у перакладзе] Янкам Купалам, не патрабуе.. каментарыяў. Яна зразумела. Палітыка. // часцей мн. (камента́рыі, ‑яў). Выданне з тлумачэннямі да якога‑н. твора. Каментарыі да карт Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы. Выданне твораў Я. Коласа з каментарыямі.

2. часцей мн. (камента́рыі, ‑яў). Крытычныя і тлумачальныя разважанні на якую‑н. тэму. «Як прыгожа пахне лес, луг, рака і поле», — цытаваў Музін Краскіна і тут жа падсалоджваў уласнымі каментарыямі: «Колькі эмоцыі ў гэтых радках». Рылько.

[Лац. commentarius.]

камента́тар, ‑а, м.

Той, хто каменціруе што‑н.; аўтар каментарыя, каментарыяў. Каментатар па знешнепалітычных пытаннях.

[Лац. commentator.]

камента́тарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каментатара, уласцівы яму. Каментатарскія прыёмы.

каменці́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. каменціраваць.

каменці́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да каменціраваць.

каменці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

1. Даць (даваць) каментарый, каментарыі да якога‑н. тэксту. Каменціраваць помнік старажытнай пісьменнасці.

2. Абмяркоўваць, тлумачыць што‑н., рабіць свае заўвагі аб чым‑н. Каменціраваць спектакль. □ — Вярнуўся ўчора, — скорагаворкай паведамляла Таццяна Цімафееўна пра дырэктара завода, не адважваючыся, аднак, адкрыта каменціраваць гэтыя падзеі. Карпаў.

ка́мень, ‑я і ‑ю, Т ‑ем; мн. камяні́, ‑ёў; м.

1. ‑ю; толькі адз. Усякая цвёрдая горная парода (за выключэннем металу) у выглядзе суцэльнай масы або асобных кавалкаў. Арменія — краіна, багатая каменем. / у знач. зб. Будаўнічы камень.

2. ‑я. Абломак такой пароды рознай велічыні і формы. [Сцёпка] адышоўся вярсты дзве ад сяла, сеў на камень і стаў думаць. Колас. Пад ляжачы камень вада не цячэ. Прыказка. // Прылада, рэч, вырабленая з такой пароды. Млынавы камень. // Кусок каштоўнага мінералу, ювелірна апрацаваны для якіх‑н. мэт. Пярсцёнак з камянямі. Каляровыя камяні. Гадзіннік на рубінавых камянях.

3. ‑я; перан. Душэўны цяжар, гора. Камень на сэрцы.

4. у знач. прысл. ка́менем. Як камень, падобна на камень. Трапяталі .. жаўранкі, то ўзнімаючыся высока ўверх, то каменем, падаючы ў траву. Гартны.

5. толькі мн. (камяні́, ‑ёў). Цвёрдыя саляныя і іншыя ўтварэнні ў некаторых унутраных органах. Камяні ў печані.

•••

Вінны камень — цвёрды, крышталічны асадак, які ўтвараецца пры браджэнні вінаграднай соку і захоўванні віна.

Зубны камень — зацвярдзелыя вапнавыя адкладанні на зубах.

Каштоўныя камяні — рэдкія прыгожыя мінералы і горныя пароды, якія пераважна ўжываюцца для ювелірных вырабаў.

Сіні камень — народная назва меднага купаросу.

Філасофскі камень — згодна з уяўленнямі сярэдневяковых алхімікаў, фантастычнае цудадзейнае рэчыва, якое можа ператвараць металы ў золата, вылечваць усе хваробы, вяртаць маладосць і г. д.

Каменя на камені не пакінуць гл. пакінуць.

Кідаць каменем у каго гл. кідаць.

Краевугольны камень чаго — аснова, важнейшая частка чаго‑н. (першапачаткова вуглавы камень у падмурку пабудовы).

Найшла (наскочыла) каса на камень гл. каса.

Насіць камень за пазухай гл. насіць.

Падводныя камяні — пра скрытую, невядомую перашкоду.

Пробны камень — а) асобы камень, які ўжываецца для вызначэння пробы каштоўных металаў; б) пра абставіны, здарэнні, ўчынкі і пад., якія дазваляюць выявіць уласцівасць, якасць каго‑, чаго‑н.

Як камень у ваду — бясследна (прапасці, знікнуць і пад.).

каме́ньчык, ‑а, м.

Памянш.-ласк. да камень (у 2 знач.); маленькі камень. Назбіраўшы кругленькіх гладкіх каменьчыкаў, .. [Ігнась] разаслаў халацік і пачаў гуляць. Мурашка.

•••

Кідаць каменьчыкі ў агарод чый гл. кідаць.

каменя... (гл. камене...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «камене...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: каменябітны, каменяломня, каменячос.