Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сасна́, ‑ы; Р мн. сосен і соснаў; ж.

Вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых, якое расце пераважна на пясчаных глебах, вызначаецца прамым высокім ствалом і доўгай ігліцай. Крымская сасна. Піцундская сасна. □ Чырвоныя ствалы соснаў высока, высока ўзнесліся ў глыбокую і нерухомую сіняву неба. Лынькоў. Стаіць млосная, з густым пахам соснаў і ягад, цішыня. Мележ. Стромкія ствалы «карабельных» сосен высока ўзнімаліся ў сіняе неба. В. Вольскі.

•••

Заблудзіць у трох соснах гл. заблудзіць.

саснава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад саснаваць.

саснава́ць, ‑сную, ‑снуеш, ‑снуе; ‑снуём, ‑снуяце; зак., што.

Разм.

1. Зрасходаваць снуючы (пражу, ніткі). Саснаваць усе ніткі.

2. Сплесці (пра павуціну).

сасні́цца, ‑снюся, ‑снішся, ‑сніцца; зак.

Уявіцца ў сне, прысніцца. І пілі [хлопец з дзяўчынай] з вядра вадзіцу, і п’янелі ад вады, — гэтак часам сон сасніцца, — светлы сон і малады. Машара. / у безас. ужыв. Саснілася, што ідзе.. [Марыя] па дарожцы нейкага парку. Кулакоўскі.

сасні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што і з дадан. сказам.

Убачыць сон, убачыць што‑н. у сне. Спаў Даніла ў гэтую ноч.. добра і сасніў сваю жонку Ульяну. Кулакоўскі. І сасніла [Маша] дзіўны сон. Шамякін. Можа сасніць караваншчык сівы, Што недзе над Мінскам, Пад самым сонцам, Пра шчасце курлыкаюць журавы. Панчанка.

сасно́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сасны, уласцівы ёй. Сасновая кара. □ Цімохава хата была моцная, ёмкая, пабудаваная з тоўстага сасновага дрэва. Колас. Тут [у вёсцы] водар сасновы, здаровы, Ігліцы, жывіцы настой. Бялевіч. // Які здабываецца з сасны. Грудзямі гарачымі зноў я ўдыхаю Пах кветак палёў і сасновай жывіцы. Хведаровіч.

2. Які складаецца з соснаў, парос соснамі. Няма ў ціхае надвор’е лесу болей спакойнага, паважна-ўрачыстага, чым сасновы бор. Навуменка. Лагер размяшчаўся ў сасновым гушчары. Мележ.

3. Зроблены з сасны. На заставе.. ўздымаюцца вялікія сасновыя зрубы. Брыль. Мёрзлыя камякі зямлі глуха падалі на сасновыя векі дамавін. Лынькоў.

4. у знач. наз. сасно́выя, ‑ых. Тое, што і хваёвыя.

5. Як састаўная частка пазваў раслін, жывёл, птушак. Сасновы шаўкапрад. Сасновая саўка.

сасня́к, ‑у, м.

1. Сасновы лес. Езджай дарогі няма — чарналессе, зарослыя чэзлым сасняком балоты. Навуменка. Тут зусім нядаўна Шумеў сасняк калматы. Аўрамчык.

2. зб. Сасновыя дошкі, бярвенне, галлё і пад. Акцызнік зноў «збіраў усіх у кучу», сеўшы на свежы лоўж сасняку, які быў скіданы ўчора абы-як на просецы. Пташнікаў.

сасо́к, ‑ска, м.

1. Знешняя частка малочнай залозы млекакормячых і чалавека ў выглядзе шышачкі, з якой дзіцяня ссе малако. Усхваляваная,.. [цётка Зося] хуценька памыла рукі, спаласнула вядро, працерла мокрым ручніком саскі ў каровы. Бялевіч. [Саша] ўзяла малую на рукі, расшпіліла халат, і тая адразу ж знайшла ружовы тугі сасок, смешна зацмокала. Шамякін. На ружовым, нібы кветка-агеньчык, саску блакітнай іскрынкай бліснула кропля малака. Місько.

2. Спец. Дэталь, частка прадмета або прыстасавання ў выглядзе шышачкі, выступу і пад. Сасок баявой лічынкі затвора вінтоўкі.

3. Спец. Месца ўваходжання зрокавага нерва ў вочны яблык.

сасо́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да сасна; маладая сасна. Дзіўна, як уцалела гэтая адзінокая сасна і чаму за доўгія гады не вырасла паблізу хоць маленькай сасонкі? Навуменка.

сасо́ннік, ‑у, м.

Сасновы лес. Поле тут адразае чорна-зялёная сцяна густога цяністага сасонніку. Мележ. Дарога спускаецца ў глыбокі і доўгі лог, туды, дзе пад старымі панурымі ялінамі гусціўся сасоннік і ядловец, дзе было асабліва цёмна і сцішна. Вышынскі.