Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

салда́таў, ‑ава.

Разм. Які належыць салдату. Салдатава сэрца білася гэтак, што, здавалася, вось-вось выскачыць з грудзей. Сабаленка.

салда́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. так; ж.

Жонка салдата. Салдаткі сумныя маўкліва Збіралі шчаўе ў прыпол. Вялюгін.

салдатня́, ‑і, ж., зб.

Разм. груб. Салдаты. Нясвіж кішэў ваеннымі чыноўнікамі розных інтэнданцтваў і змардаванай маршавай салдатнёй. Хведаровіч. Па станцыю прыбыў эшалон, салдатня, звонячы вёдрамі і кацялкамі, бяжыць да кубавой па вар. Навуменка.

салда́тчына, ‑ы, ж.

Уст. Салдацкая служба. [Халімон:] — Мы дома сядзім, а куды годны! Во дзе хлопец, дык хлопец, — як вол, і салдатчына яго не сагнула. Галавач.

салдафо́н, ‑а, м.

Разм. пагард. Ваенны, інтарэсы якога не выходзяць за межы вузкапрафесійных заняткаў і ведаў; грубы, абмежаваны, некультурны чалавек. Маладая заходнебеларуская сялянка Раіна, першая красуня ў аколіцы, парвала дружбу са сваім равеснікам Васілём ды сышлася з польскім асаднікам, ганарлівым салдафонам. У. Калеснік.

салдафо́нскі, ‑ая, ‑ае.

Разм. пагард. Які мае адносіны да салдафона; уласцівы яму. Салдафонскія звычкі. Салдафонскі дух.

салдафо́нства, ‑а, н.

Разм. пагард. Паводзіны, учынкі салдафона. [Свярдлоў:] Іх [салдат] пралетарская свядомасць непараўнальна вышэй салдафонства Гофмана, але Гофман усё ж перастраляе іх! Губарэвіч.

салда́цік, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да салдат. Бабулька, відаць, мела добрае сэрца, пашкадавала салдацікаў: з цыбуляй вынесла і па агурку, і па кубку малака. Машара.

2. Дзіцячая цацка ў выглядзе салдата. Алавяны салдацік.

3. у знач. прысл. салда́цікам. У стаячым становішчы, стоячы. Скакаць у ваду салдацікам.

салда́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да салдата, належыць яму. Салдацкая служба. Салдацкі кацялок. Салдацкія сем’і. □ Мы павінны паказаць, што рабочыя і сяляне ў матросках ды салдацкіх шынялях — нашы браты, адна армія працоўных. Гартны. // Які складаецца з салдат. Салдацкія палкі. Салдацкі аркестр.

2. Уласцівы салдату, такі, як у салдата. Салдацкая выпраўка. □ Усё жыццё ты [Клімёнак] будзеш рад за сваю раннюю сталасць, за сваю салдацкую маладосць. Брыль.

•••

Салдацкае сукно гл. сукно.

саленава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Трохі салёны. Саленаватая рыба.

2. перан. Разм. Дасціпны, але з грубаватым, не зусім прыстойным адценнем. Паўлюк Трус друкаваў у газеце прыгоды Ціта. Гэтая рэч з саленаватым гумарам карысталася добрай папулярнасцю. Лужанін.