Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сабо́р, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. У дарэвалюцыйнай Расіі — сход службовых ці выбарных асоб. Земскі сабор.

2. ‑у. Сход, з’езд прадстаўнікоў вышэйшага духавенства хрысціянскай царквы.

3. ‑а. Галоўная або вялікая царква ў горадзе, манастыры. Кафедральны сабор. □ Мікалаеўскія саборы ўрачыста і гучна блямкнуў звон. Асіпенка. Саборы збудаваны хітра і з толкам: І ловяць, і страшаць, і глушаць цябе. Панчанка.

сабо́раванне, ‑я, н.

Царкоўны абрад — памазанне ялеем цела цяжкахворага або паміраючага чалавека.

сабо́раваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сабораваць.

сабо́равацца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак. і незак.

1. Прыняць (прымаць) сабораванне.

2. толькі незак. Зал. да сабораваць.

сабо́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго.

Справіць (спраўляць) над кім‑н. сабораванне.

сабо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сабору (у 1, 2 знач.). Саборная пастанова. Саборныя ўрачыстасці.

2. Які мае адносіны да сабора, належыць сабору (у 3 знач.). Саборная маёмасць. Саборная плошча. // Які адбываецца ў саборы. Саборнае служэнне.

сабра́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць сабранага. [Піліп Андрэевіч] вызначаўся нейкай асаблівай унутранай сабранасцю, спакоем, якія звычайна ўласцівы людзям, чыё жыццё праходзіць на ўлонні прыроды, у любоўным яднанні з ёю. Краўчанка.

сабра́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад сабраць.

2. у знач. прым. Які ўмее з’асяродзіцца, сканцэптраваць увагу, думкі на чым‑н. важным. Ураўнаважаны, унутрана сабраны, сядзіць Ігнат Грынявіцкі. Мехаў. // Стрыманы, валявы, заўсёды гатовы да якога‑н. дзеяння. У ім [Ярмоленку] была затоеная, сабраная ўнутраная сіла, упартасць салдата. Сіўцоў. У гэтым быў увесь Вуйніцкі — сабраны, падцягнуты і сам прасякнуты пачуццём дысцыпліны. «Полымя». // Акуратны, упэўнены, дакладны. Хада другога [Паходні] была больш сабраная, крокі раўнейшыя і больш упэўпеныя, нібы ён добра бачыў у цемры. Хадкевіч.

3. у знач. прым. Стройны, зграбны, падцягнуты (пра фігуру, паставу). Фрунзе ўвайшоў у кабінет — падцягнуты, сабраны. Гурскі. І словы, што [Зося] вымаўляла, і іскрысты позірк, і ўся тонкая, сабраная постаць нібы ўвасаблялі энергію і волю. Хадкевіч.

сабра́т, ‑а, М ‑браце; мн. сабраты, ‑оў і сабрацці, ‑яў; м.

Таварыш па прафесіі, занятку. [Вучоныя:] За гонар мы палічым Прыняць яго [Скарыну] ў наша кола, як сабрата. Клімковіч. Пра дух непакорнасці тых гавару, Каму капітал плаціць кратамі, ссылкай. Там і сёння Сабраццям тваім па пяру Не даходзяць ад маці пасылкі! Арочка. // перан. Разм. Хто‑, што‑н. у шэрагу падобных істот, прадметаў, з’яў. [Шабанаў:] — Рыбы, палічылі мяне за свайго сабрата, якога мора выкінула на бераг. Шыцік. — Што ж датычыцца маіх ведаў і вопыту, — дадаў Гогіберыдзе, — то, па думцы многіх, я не горшы за сваіх сабраццяў. Самуйлёнак. На высокім беразе Заходняй Дзвіны стаіць адзін з самых старадаўніх мураваных будынкаў на тэрыторыі нашай рэспублікі — трэці сабрат Наўгародскага і Кіеўскага Сафійскіх сабораў — Полацкі Сафійскі сабор. «Полымя».

сабра́цца, збяруся, збярэшся, збярэцца; збяромся, зберацеся; зак.

1. Сысціся, з’ехацца ў адно месца. Заўтра дзень кірмашовы ў сяле Сілічах, Там, ён [Цімох] ведае гэта, збяруцца сябры. Куляшоў. Калі ж мы зноў збяр[о]мся ў цесны круг, Як раніцай збіраюцца заранкі? Глебка. Яшчэ ў першы дзень, як толькі Сашка прыехаў у Багатую Граду, у дзедаву хату сабралася нямала хлопчыкаў і дзяўчынак. Даніленка. // Адкрыцца, пачаць сваю работу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Раніцай павінен быў сабрацца савет МТС. Лобан. Можна сказаць, не пас[я]дж[э]нне гэта было, а сапраўдны сход. Увесь сельсавет сабраўся, і так яшчэ актывістаў пазвалі. Чорны. // Згрупавацца тым ці іншым чынам вакол каго‑, чаго‑н. Сабралася ў кола Шаснаццаць сясцёр, Усе маладыя, амаль аднагодкі. Здружыла ў змаганні, ў паходах жыццё І працай зраднілі сясцёр пяцігодкі. Лужанін. // Зляцецца ў чародкі (пра птушак). Па позвах тых гусі З лясоў і балот Сабраліся: хутка У вырай адлёт. Калачынскі.

2. Дайсці да якой‑н. колькасці, да якога‑н. ліку. Гасцей сабралася чалавек дваццаць. Дуброўскі. Войска, брат, ёсць. Узвод — не ўзвод, а аддзяленне добрае збярэцца. Брыль.

3. Паступова накапіцца ў адным месцы, у адных руках. Аднойчы здарылася так, што нам выдалі стыпендыю ды мой старэйшы брат прыслаў мне дапамогу — рублёў дваццаць пяць. Разам у мяне сабраўся цэлы капітал. Дубоўка. // перан. Адкласціся ў душы, набалець. У гэтай сцэне сабраўся ўвесь накіп усяго таго, што рабілася каля .. карчмы праз шмат год. Чорны. Старая зноў ўспомніла Лідачку, Міхася, і ўся тая злосць на жыццё, якую яна толькі мела, сабралася, здаецца, адразу. Брыль.

4. Адвольна назбірацца ў якой‑н. колькасці (пра вадкасць, пару і пад.). [Залатарова:] — Усё зразумела. У воку сабралася глаўкомная вадкасць. Мяжэвіч. Ралля паруе — цеплыня Сабралася за час зімовы. Прануза. // Паступова насунуцца, згусціцца (пра хмары, навальніцу). Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі ўсё неба. Маўр. / у безас. ужыв. І, бач, зноў жа сабралася на дождж. М. Стральцоў. // Пачацца ў выніку паступовага нарастання пэўных змен у атмасферы. Пад раніцу дождж збярэцца.

5. Набухнуць (пра пупышкі дрэў, кветак). На верхавіне сцябла парасонам сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі. Маўр.

6. Падрыхтаваць усё неабходнае ў дарогу. Сабраўся дзед Баўтрук, забраў сякія-такія рэчы, сякерку сваю цяслярскую вострую ўзяў і, не аказаўшыся нявестцы, выйшаў з хутара на дарогу. Колас. // Намерыцца пайсці куды‑н., пабываць дзе‑н. Сабраўся аднойчы дзядзька Антось у лес, закінуў стрэльбу за плечы, гукнуў Таксу. С. Александровіч. — Куды гэта ў поўнач сабралася? — нездаволена спытала .. [Маню] маці. Васілевіч. // з інф. Наважыцца зрабіць што‑н. — Ці не вагоны ты перасаджваць сабралася? Якімовіч. Часамі мне хочацца як-небудзь сабрацца перачытаць іх [ апавяданні] ды паправіць. Скрыган. // Надумацца стаць кім‑н. Сабрацца ў інжынеры.

7. (звычайна са словамі «сілы», «думкі», «дух» і пад.). Унутрана арганізаваць сябе. Трэба было супакоіцца, сабрацца з сілаю, суняць сэрца ў грудзях, каб ударыць без промаху. Быкаў. Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плота, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі. Лынькоў. Разгублены Папас не ўмеў сабрацца са словамі. Галавач. І дзіва, чым бліжэй падыходзіў [Сіліцкі] да Людмілінага дома, тым больш пачынаў хвалявацца.. Каля самага дома ён аж прыпыніўся, каб сабрацца з духам. Арабей. // Напружыць мышцы, падрыхтавацца да якога‑н. руху, дзеяння. Усё .. цела [Аляксея] напружылася, сабралася. Мележ. Кошка ў гэты момант .. ужо сабралася скокнуць, каб схапіць вераб’я. Бяспалы.

8. Стуліцца, як быццам зрабіцца меншым. Вялікі жаль да бацькі агарнуў усю .. малую істоту [Міколкі], і ён нібы сабраўся ўвесь у маленькі камок. Лынькоў. Бровы яе збегліся на пераноссі, і ўвесь твар сабраўся ў жаласлівы камяк. Крапіва. // Утварыцца, з’явіцца (пра маршчыны, складкі). Залатыя дзянькі прайшлі і канулі ў нябыт. Маршчынкі, як павуцінне, сабраліся ўжо каля вачэй. Чарнышэвіч. Лоб сабраўся ў гармонік і гэтым выразна аддзяляў сябе ад лысіны. Кулакоўскі.

•••

Сабрацца адно к аднаму — накапіцца чаго‑н. дзе‑н. (пра справы, незадавальненне, гнеў). [Злобіч:] — Даруй, Рыгор ... неяк з гарачкі я ... Сабралася адно к аднаму. М. Ткачоў.

Сабрацца (пайсці) у прочкі — звычайна пайсці ад мужа; пакінуць сям’ю, сваю хату з прычыны неладоў.

Сабрацца (прыйсці) у свіныя галасы — позна, у позні час, са спазненнем.

Хмары сабраліся над кім-чым гл. хмара.