калясі́ць, каляшу, калясіш, калясіць; незак.
Разм. Хадзіць або ездзіць пятляючы, робячы кругі. Тыдзень ужо, як Піня не мог упарадкаваць як след коней, а калясіў па паляўнічай сцежцы Крайскім бокам. Пташнікаў. [Раманенка і шафёр] калясілі па гарадку, шукаючы патрэбную вуліцу. Шамякін. // Шмат ездзіць або хадзіць на розных мясцінах, у розных напрамках. Калясіць па свеце. □ Лявон Свірыдовіч, шафёр першага класа, адчуваў стомленасць. Паездка была нялёгкай. Чацвёра сутак калясілі яны па дарогах вобласці. Корбан. Шмат калясіў ты, разведчык, Многім няўдачам па зло, Там, дзе нагі чалавечай Можа зусім не было. Звонак.
каля́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.
1. Чатырохколы экіпаж на рысорах, з адкідным верхам. Паны ў калясцы пад’язджаюць. Фурман тут лейцы падцінае, Стаенных пару прыпыняе. Колас. А за грамадой, на калясцы, Рассеўшыся вяльможай, Пан Скрыцкі ехаў сам. Бядуля.
2. Лёгкія калёскі, звычайна крытыя, для катання дзяцей. Дзіцячая каляска. □ Маладая жанчына сядзела на лаўцы і гойдала каляску. Шамякін.
3. Невялікі ручны возік, магчыма і двухколы, для перавозкі грузаў. Прывезці галлё на калясцы.
4. Невялікая павозка спецыяльнага прызначэння. Матацыкл з каляскай. □ Асабліва страшна было глядзець на бязногіх, калі яны на падвязаных да бёдраў калясках, адштурхваючыся ад зямлі рукамі, рухаліся па бруку... Хомчанка.
калясні́ца, ‑ы, ж.
У старажытных грэкаў і рымлян — двухколая павозка, якой карысталіся ў час трыумфальных шэсцяў, спаборніцтваў і баёў. Баявая калясніца. Спаборніцтвы калясніц.
каляя́, ‑і́; мн. кале́і (з ліч. 2, 3, 4 каляі́), кале́й; ж.
1. Пара паралельна пракладзеных рэек; чыгуначны пуць. Шырокая каляя. Вузкая каляя. □ На ўсход і захад, амаль праз кожныя паўгадзіны, па дзвюх сталёвых каляях грымяць цягнікі. Навуменка. — Бач ты, колькі збожжа сёння загрузілі! — казаў Петрык дружкам сваім, ідучы паўз .. чараду вагонаў, што стаялі на дальняй ад станцыі каляі. Шынклер.
2. Тое, што і каляіна (у 1 знач.). І вось грэбля з разбітай і засохлай каляёй застаецца ззаду. Ракітны. Дарога ўся ў лужах. Размыта Дажджом праліўным каляя. Багдановіч.
•••
Выбіцца з каляі гл. выбіцца.
Выбіць з каляі гл. выбіць.
Увайсці ў каляю гл. увайсці.
кама́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Кароткі вусны-загад камандзіра па ўстаноўленай форме. Аддаць каманду. □ Падпільнаваўшы калону варожых машын, [лейтэнант] падаў каманду: — Агонь! «Маладосць». Палку даюць каманду «смірна!» Панчанка. // Распараджэнне, загад, сказаныя коратка і ўладна. — Стукайце шафёру ў кабіну! — падала каманду Зіна. Кулакоўскі.
2. Камандаванне якой‑н. воінскай часцю. Першы, найлепшы ўзвод атрада, пад камандай.. Кеды пераправіўся на варожы бок Нёмана. Брыль. // Пра кіраўніцтва з боку каго‑н., над кім‑н., аб чыёй‑н. уладзе над кім‑н. — Не павінна тое гора над чалавекам каманду займець. Няхай яно і цяжкае, але трэба адолець яго... Лынькоў. Узваліўшы на сані невад, чалавек дванаццаць мужыкоў пад камандай Леўшуна паехалі на рыбу. Колас.
3. Невялікае вайсковае падраздзяленне, атрад, а таксама часова выдзеленая вайсковая часць спецыяльнага прызначэння. Каравульная каманда. Каманда падрыўнікоў. □ Кірылу падстрыглі і накіравалі ў вучэбную каманду, адкуль ён трапіў на фронт пад Баранавічы. Паслядовіч. // Асабовы састаў, экіпаж судна. Людзей тут [на буксіры] мала, каманда, уключаючы ўсіх — ад капітана да качагара, складаецца чалавек з дваццаці. Краўчанка. // Спартыўны калектыў. Валейбольная каманда. Зборная каманда.
•••
Далажыць па камандзе гл. далажыць 1.
Як па камандзе — дружна, разам.
кама́ндаванне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. камандаваць (у 2 знач.). Прыняць камандаванне. □ Партызаны пад камандаваннем Таміліна кінуліся па грэблі да вёскі. Шчарбатаў.
2. зб. Асобы, якія стаяць на чале войска, вайсковых падраздзяленняў і інш. Вярхоўнае камандаванне. Загад камандавання. □ Таварыш Руднеў! Вы ў гэтым годзе трэцяга парушальніка затрымалі. Прадстаўляем матэрыял камандаванню для ўрадавай узнагароды. Гурскі.
кама́ндаваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак.
1. Вымаўляць словы каманды, аддаваць каманду. — Да зброі! — ціха камандуе .. [Рыжы]. Колас.
2. Быць камандзірам чаго‑н. Камандаваць боем. Камандаваць парадам. □ Калі капітан апускаўся ўніз, тады камандаваў яго памочнік. Лынькоў. Кірыла быў унтэр-афіцэрам і камандаваў сапёрным узводам. Паслядовіч. За час адыходу ад заходняй граніцы [Саўчанка] не мог не заўважыць шматлікіх выпадкаў, калі радавы баец або сержант камандаваў батальёнам або ротай. Лупсякоў.
3. перан.; кім-чым, над кім-чым і без дап. Разм. Аддаваць распараджэнне, загадваць. Дзве жанчыны адцягвалі к сцяне лішнюю мэблю, і ўсім гэтым камандавала Валя. Чорны. — Алёша, — камандавала Юлька. — Зараз жа, хоць з-пад зямлі, дастань мне чырвонай фарбы. Даніленка.
камандзі́р, ‑а, м.
Начальнік вайсковай часці, падраздзялення, ваеннага судна. Камандзір палка. Камандзір атрада. Камандзір узвода. □ Сцяпан быў ужо камандзірам у марскім флоце, а Марыля закончыла будаўнічы тэхнікум. Кулакоўскі. // Разм. Аб кіраўніку якога‑н. прадпрыемства, арганізацыі і інш. Камандзір прадпрыемства. Камандзір вытворчасці. // Разм. жарт. Пра чалавека, які любіць распараджацца, камандаваць. — З’явіўся, кажуць, на нашу галаву камандзір, герой! Паслядовіч. — Падумаеш..! Абраўся яшчэ камандзір! Колас.
камандзірава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. камандзіраваць.