салато́п, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца вытопліваннем сала.
салато́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Разм. Тое, што і салатопня. [Журавінка:] — Сабаку каб прывязала ў гумне дзе. Пара яго, воўчае мяса, у салатопку здаць. Лобан.
салато́пны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да салатаплення, займаецца салатапленнем. Салатопны завод.
салато́пня, ‑і, ж.
Разм. Прадпрыемства, дзе вытопліваюць сала.
салаўі́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да салаўя (у 1 знач.), належыць яму. Салаўіны пошчак. □ Плыве салаўіная песня, Ноч зорная спіць у гаі. Ляпёшкін. Ліся, шчаслівая Ноч салаўіная, Покуль каханы са мной. Карызна. // Які з’яўляецца месцам, дзе жывуць салаўі. Салаўіны гай, густы і цёмны, Многа бачыў радасці і слёз. Бялевіч.
2. Уласцівы салаўю; такі, як у салаўя. Пад мурог-мяжою, над калыскай сына Спевам салаўіным Песню папявала [жняя]. Глебка. Расла яшчэ за князем на ўзбярэжжы Дзвіны-ракі дзяўчына-красуня, разумніца і рукадзельніца, з голасам салаўіным, з косамі, як чысты лён. Грахоўскі.
салаўі́ха, ‑і, ДМ ‑лаўісе, ж.
Разм. Самка салаўя. Немаўлят ахінула цяплей салаўіха, Промень зябка ступіў у аўсы. Гаўрусёў.
салаўяня́ і салаўянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Птушаня салаўя. Сядзела на гняздзечку Салаўіха, чакаючы Салаўянят. Корбан.
сала́ш, ‑а, м.
Абл. Будан. Дзед Талаш ведаў у пушчы мазырскіх лясоў спрытна пабудаваныя салашы, дзе летам мелі прыпынак смалакуры. Колас.
салга́ць, салгу, салжэш, салжэ; салжом, салжаце, салгуць.
Зак. да ілгаць.
салда́т, ‑а, М ‑даце, м.
1. Радавы ваеннаслужачы сухапутнага войска. Салдаты і матросы. Узвод салдат. □ Неўміручы подзвіг салдата Аляксандра Матросава, які грудзьмі засланіў амбразуру дзота, каб адкрыць шлях наперад сваім таварышам па зброі. «Звязда». // Ваеннаслужачы наогул. Салдаты вялікай Расіі ў Парыжы ўздымалі сцягі. Бялевіч.
2. перан. Ідэйна загартаваны барацьбіт, удзельнік якога‑н. руху, член якой‑н. арганізацыі. Салдат рэвалюцыі. Салдат партыі. □ Ён [Глебка] быў салдатам пакалення, што праз усе грамы прайшло, Сваё жыццё, сваё натхненне Айчыне роднай аддало. Прыходзька.
•••
Лясныя салдаты — партызаны. Трэба было наладзіць цесную сувязь з народнымі мсціўцамі, трэба, было камусьці пераправіцца да лясных салдат... Бялевіч. Выйшаў лясны салдат з блакаднага пекла ў бяссмерце... Барадулін.
Невядомы салдат — аб загінуўшым за высакародную справу салдаце, прозвішча якога невядома.
Савецкі салдат — баец Савецкай Арміі, вартавы заваёў сацыялізма.
У салдатах (быць, служыць і пад.) — на ваеннай службе.
У салдаты (ісці, браць і пад.) — на ваенную службу.