Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

калю́жына, ‑ы, ж.

Тое, што і калюга. Хлопец бег пасярод дарогі босы, прабіваючы пяткамі ў калюжынах белы сухі лядок. Лобан.

калю́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць калючага.

калю́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Усякае невялікае колкае вастрыё. Ляснуў неяк мокрай пугай па агароджы з калючага дроту, а пуга заматалася канцом за калючку. Брыль. // Калючы шып на расліне або на целе жывёліны. Калючкі кактуса. Калючкі вожыка. □ [Лясніцкі і Таццяна], не спяшаючыся, пачалі спускацца на дно рова, чапляючыся за кусты, абдзіраючы да крыві твар і рукі аб вострыя калючкі шыпшыны. Шамякін.

2. звычайна мн. (калю́чкі, ‑чак). Разм. Пра некаторыя калючыя расліны. Пад соснамі — мох, сухое ламачча, маліннік, калючкі. Бажко.

3. перан. З’едлівая заўвага, вострая насмешка. — Змоўк ваш бог, Нахамчык, — з калючкай пад’ехаў.. Лейба. Мурашка.

калю́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які колецца, можа рабіць укол. Калючыя шыпы ліян ранілі .. рукі і рвалі вопратку. Самуйлёнак. Пад нагамі шумна зашастаў калючы ржэўнік. Якімовіч. // Які выклікае балючае адчуванне ўколу. Нізка плылі цяжкія хмары, сыпаўся калючы халодны снег. Лупсякоў. Толькі вецер ганяў калючы пясок па дарозе. Шыцік.

2. Які мае калючкі. Калючы дрот. Калючы куст. □ [Тата] збірае грыбы і ўсё лезе туды, дзе густа стаяць калючыя ёлачкі. Брыль.

3. перан. Востры, са злой насмешкай. Бацька ў роспачы, у злосці Кінуў жмут калючых слоў. Колас. // Злы, нядобры (пра погляд, вочы і пад.). Людзі слухалі паказанні, і твары іх камянелі, сухімі, калючымі рабіліся іх вочы. Лынькоў. Позірк Шамоты быў стрыманы, калючы, недаверлівы, позірк Варановіча — вясёлы, усмешлівы, з нейкай вострай думкай у вачах. Дуброўскі.

4. перан. Які непрыхільна, недаверліва ставіцца да ўсяго; нелюдзімы, злосны (пра чалавека). Паходню варта было б правучыць — занадта ён ужо порсткі і калючы стаў у апошнія гады. Хадкевіч.

5. перан. Асляпляльны, рэзкі, яркі (пра святло). Лежачы на цвёрдым белым стале, аслепленая калючым святлом, яна [Лёдзя] адчувала, што траціць апошнія сілы. Карпаў.

каля́, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «каля» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, месца, паблізу або вакол якіх адбываецца што‑н., размяшчаецца хто‑, што‑н. Бярозы стаялі каля дарогі. Начлежнікі паселі каля агню. □ Каля пасады лесніковай Цягнуўся гожаю падковай Стары, высокі лес цяністы. Колас.

Аб’ектныя адносіны

2. Разм. Ужываецца пры абазначэнні аб’екта, у дачыненні да якога адбываецца дзеянне, на які накіравана дзеянне. Усе сеюць і любяць бульбу, хаця працы каля яе не абабрацца. Ермаловіч.

Колькасныя адносіны

3. Ужываецца пры абазначэнні прыблізнай велічыні, меры чаго‑н. Дубу каля ста гадоў. □ Вёска невялікая — сяліб каля дваццаці. Бядуля. // Ужываецца пры ўказанні на пэўную пару, да якой падышоў ці падыходзіць час. Было каля поўначы. □ Каля поўдня выглянула сонца. Брыль.

калява́ць, калюю, калюеш, калюе; незак., што.

Выстругваць узоры на дошцы калёўкай.

каляву́шны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца каля вуха. Калявушная залоза.

каляда́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Даўнейшы абрад хаджэння па хатах у калядныя вечары з віншаваннем, велічальнымі песнямі і пад. // Песня, якая спяваецца ў час гэтага абраду. // Падарункі, атрыманыя ад гаспадара за віншаванне, песні. Збіраць каляду.

калядава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. калядаваць.

калядава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак.

Хадзіць па дварах у калядныя вечары, віншаваць гаспадароў, спяваючы калядныя песні.