калю́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які колецца, можа рабіць укол. Калючыя шыпы ліян ранілі .. рукі і рвалі вопратку. Самуйлёнак. Пад нагамі шумна зашастаў калючы ржэўнік. Якімовіч. // Які выклікае балючае адчуванне ўколу. Нізка плылі цяжкія хмары, сыпаўся калючы халодны снег. Лупсякоў. Толькі вецер ганяў калючы пясок па дарозе. Шыцік.
2. Які мае калючкі. Калючы дрот. Калючы куст. □ [Тата] збірае грыбы і ўсё лезе туды, дзе густа стаяць калючыя ёлачкі. Брыль.
3. перан. Востры, са злой насмешкай. Бацька ў роспачы, у злосці Кінуў жмут калючых слоў. Колас. // Злы, нядобры (пра погляд, вочы і пад.). Людзі слухалі паказанні, і твары іх камянелі, сухімі, калючымі рабіліся іх вочы. Лынькоў. Позірк Шамоты быў стрыманы, калючы, недаверлівы, позірк Варановіча — вясёлы, усмешлівы, з нейкай вострай думкай у вачах. Дуброўскі.
4. перан. Які непрыхільна, недаверліва ставіцца да ўсяго; нелюдзімы, злосны (пра чалавека). Паходню варта было б правучыць — занадта ён ужо порсткі і калючы стаў у апошнія гады. Хадкевіч.
5. перан. Асляпляльны, рэзкі, яркі (пра святло). Лежачы на цвёрдым белым стале, аслепленая калючым святлом, яна [Лёдзя] адчувала, што траціць апошнія сілы. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)