калючка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Усякае невялікае колкае вастрыё. Ляснуў неяк мокрай пугай па агароджы з калючага дроту, а пуга заматалася канцом за калючку. Брыль. // Калючы шып на расліне або на целе жывёліны. Калючкі кактуса. Калючкі вожыка. ▪ [Лясніцкі і Таццяна], не спяшаючыся, пачалі спускацца на дно рова, чапляючыся за кусты, абдзіраючы да крыві твар і рукі аб вострыя калючкі шыпшыны. Шамякін.

2. звычайна мн. (калючкі, ‑чак). Разм. Пра некаторыя калючыя расліны. Пад соснамі — мох, сухое ламачча, маліннік, калючкі. Бажко.

3. перан. З’едлівая заўвага, вострая насмешка. — Змоўк ваш бог, Нахамчык, — з калючкай пад’ехаў.. Лейба. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)