Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

саслі́згваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да саслізнуць.

саслізну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм. Тое, што і саслізнуць. Калі трохі збочыш, то трапіш на занесеныя снегам брусы і можаш саслізнуцца ў рэчку. Кулакоўскі. Саслізнуліся ногі. Таня паспела схапіцца за лесвічную раму. Гарбук.

саслізну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Слізгаючы, спусціцца ўніз; з’ехаць. Саслізнуць з берага ў раку. □ [Васіль], як вокам згледзець, саслізнуў з дрэва, і, не разбіраючы дарогі, мы памчаліся па поплаве. Каліна. // Хуценька ўстаць, пакінуць якое‑н. месца. Міша паслухмяна саслізнуў з бацькавых каленяў і падаўся да сваіх кубікаў — будаваць дом. Шахавец. // Саслізнуўшы, перамясціцца з аднаго месца ў іншае. Аўтамат у Свіступова, нібы жывы, саслізнуў з пляча і аказаўся ў руцэ. Паўлаў. Прамень па твары крадзецца яе, На вейкі саслізнуў. Дзяргай.

2. Не ўтрымаўшыся дзе‑н., спаўзці, зваліцца. Крук ударыўся аб провад і саслізнуў уніз. Курто. Паходня пацягнуўся наперад, ногі саслізнулі з купіны, і ён уваліўся ў ваду па пояс. Хадкевіч.

сасло́ўе, ‑я, н.

1. Грамадская група са спадчыннымі правамі і абавязкамі, якая склалася на аснове класавых адносін у дакапіталістычным грамадстве. Дваранскае саслоўе. □ Са зместу «Размовы» відаць, што аўтар абараняе ідэалы сацыяльнага міру паміж класамі і саслоўямі тагачаснага грамадства. «Помнікі».

2. У дарэвалюцыйнай Расіі — група асоб, аб’яднаных прафесіянальнымі інтарэсамі. Саслоўе медыкаў. □ Акалічнасці далучэння Багушэвіча да адвакацкага саслоўя ўстанаўліваюцца дастаткова поўна па іншых дакументах. Кісялёў.

•••

Падатковае саслоўе — пра сялян, гараджан і пад. як пра такую грамадскую групу насельніцтва пры феадалізме, якая абкладалася падаткамі.

Прывілеяваныя саслоўі — духавенства і дваранства як група насельніцтва пры феадалізме, якая падаткамі не абкладалася.

Трэцяе саслоўе — непрывілеяванае падатковае саслоўе ў феадальнай Францыі.

сасло́ўнасць, ‑і, ж.

Падзел грамадства на саслоўі.

сасло́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да саслоўя (у 1 знач.). З расчыненых за памостам дзвярэй паказаўся гурт суддзяў і саслоўных прадстаўнікоў. Колас. // Абумоўлены прыналежнасцю да якога‑н. саслоўя. Саслоўныя прывілеі, Саслоўныя інтарэсы.

2. Заснаваны на падзеле грамадства на саслоўі; уласцівы грамадству, падзеленаму на саслоўі. Саслоўная сістэма выбараў. Саслоўны антаганізм.

3. Уласцівы прывілеяваным саслоўям; каставы. Саслоўны дух. □ У беларускай літаратуры тэма выкрыцця саслоўных забабонаў займае досыць значнае месца. Ярош.

•••

Саслоўная манархія гл. манархія.

саслужы́вец, ‑жыўца, м.

Той, хто працуе, служыць з кім‑н. у адным месцы, установе і пад. [Я] адшукала будоўлю, дзе працуе зямляк, яго самога, ягоных начальнікаў і саслужыўцаў. Лось.

саслужы́віца, ‑ы, ж.

Жан. да саслужывец.

саслужы́ць, ‑служу, ‑служыш, ‑служыць; зак., што.

У выразе: саслужыць службу каму-чаму — а) выканаць што‑н. па просьбе каго‑н., зрабіць паслугу каму‑н. Каршукоў нецярпліва прыспешваў Ядвісю. Ён быў як апантаны, даведаўшыся, што зброя ёсць. — Цяпер ты мне яшчэ адну службу саслужыш, — гаварыў ён.. — Людзей трэба. Асіпенка; б) прынесці карысць каму‑, чаму‑н.; адыграць пэўную ролю ў чым‑н. — Вазьмі, Тарасе, свой аўтамат, — гаварыў Кірыла, — саслужыў ён мне службу верную... Гурскі.

саслядзі́ць, ‑сляджу, ‑слядзіш, ‑слядзіць; ‑слядзім, ‑следзіце; зак., што.

Разм. Пакрыць слядамі; патаптаць. Саслядзіць падлогу.