садо́к 1, ‑дка, м.
Памянш.-ласк. да сад (у 1 знач.); невялікі сад. Ззаду .. [доміка] рос малады садок, абсаджаны кустамі парэчак, агрэсту і маліны. Чарнышэвіч.
садо́к 2, ‑дка, м.
1. Штучны вадаём для развядзення рыбы. // Прыстасаванне для трымання злоўленай жывой рыбы.
2. Памяшканне для трымання, гадоўлі і адкорму жывёлы. Гусіны садок.
3. Пастка на звяроў і птушак. Паставіў Левановіч садок, — гаварыў.. [Фарафонаў]. — Прыйшоў назаўтра раніцай, у калядніцу было, — а там повен садок ваўкоў. Як забег адзін, дык за ім усе, галодныя. Пташнікаў.
садо́м, ‑у, м.
Бязладдзе, сумятня, гоман, крык. Яўхім пачаў біць вокны, посуду, гаршкі, перавярнуў начоўкі з рошчынай і рабіў страшны садом у хаце. Бядуля.
•••
Садом і гамора — тое, што і садом (ад назваў двух гарадоў старажытнай Палесяіны, якія, паводле біблейскай легенды, былі пакараны богам за грахі жыхароў).
садо́мскі, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. уст. Распусны, разбэшчаны.
садо́ўнік, ‑а, м.
Спецыяліст па догляду саду і вырошчванню садовых раслін. Садоўнік, відаць, падстрыгаў дрэвы для хараства, каб яны раслі не гонкія, а купчастыя. Пальчэўскі.
садо́ўніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да садоўніцтва, садоўніка. Садоўніцкі інвентар.
садо́ўніцтва, ‑а, н.
1. Занятак садоўніка; майстэрства даглядаць сад.
2. Развядзенне садовых раслін як галіна сельскай гаспадаркі. Даручылі мне людзі нашы крыху падвучыцца і ўзяць у калгасе садоўніцтва ў свае рукі. Скрыпка. // Раздзел сельскагаспадарчай навукі аб развядзенні і вырошчванні садоў. Ад уваходу пачынаецца жывапісная алея — выдатны ўзор дасягненняў нашага дэкаратыўнага садоўніцтва. «Маладосць».
садо́ўнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Працаваць садоўнікам.
2. Займацца садоўніцтвам.
садра́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад садраць (у 1–4 знач.).
садра́цца, здзярацца; зак.
Разм.
1. Злупіцца, зняцца (пра кару, скуру і пад.). З павязкамі на пальцах садралася і скура. Паўлаў. // Адклеіцца і адваліцца ад якой‑н. паверхні. Афіша садралася.
2. Ад доўгага карыстання стаць непрыгодным (пра венік, мятлу і пад.). Венік зусім садраўся.
3. З’ехаць, зваліцца з насадкі. Мятла садралася з кійка.