самашанава́нне, ‑я, н.
Шанаванне самога сябе. Завостраныя .. рыжаватыя вусы гаварылі аб вялікім самашанаванні шляхціца. Бядуля.
са́мба, нескл., н.
Спартыўная барацьба, якая дапускае прымяненне болевых прыёмаў і дазваляе перамагаць больш моцнага або ўзброенага праціўніка; самаабарона без зброі.
самбі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Спартсмен, які займаецца самба.
самбрэ́ра, нескл., н.
Іспанскі з шырокімі палямі капялюш.
[Ісп. sombrero ад sombra — цень.]
самбу́к, ‑у, м.
Салодкая халодная страва, прыгатаваная шляхам узбівання фруктовага пюрэ з цукрам і яечным жаўтком. Мандарынавы самбук. Яблычны самбук.
са́менькі, ‑ая, ‑ае; займ. азначальны.
Разм. У спалучэнні з назоўнікамі з прасторамі або часавым значэннем выражае гранічную акрэсленасць месца, часу дзеяння. У саменькі поўдзень. □ Тут каза — як скокне ўбок, А Вавёрка — на дубок, Аж на саменькі вяршок. Муравейка. На саменькім ранку дэпутатка сельсавета, не адчыняючы веснічак, крыкнула ў двор: — Волька, ты дома? Скрыган. // Паказвае на непасрэдную блізкасць да каго‑, чаго‑н. За акном, каля саменькае сцяны, дзе стаіць круглаверхі клён, цяпер халодны і аголены, густа-густа збіраецца мрок, нібы гэтая цёмная ноч паставіла тут свайго вартаўніка. Колас. Наша хата стаяла пры саменькай дарозе. Кухараў.
саме́ц, ‑мца, м.
1. Асобіна мужчынскага полу. Ёсць у нас самцы [алені], у якіх рогі важаць па восем кілаграмаў і нават болей. В. Вольскі.
2. Мужчына як носьбіт біялагічных уласцівасцей свайго полу; празмерна падкі да жанчын. Не падабаўся.. [Лабановічу] гэты твар самаздаволенага самца [Сухаварава] і гэтыя адвіслыя мокрыя губы з паднятымі ўгару чорнымі вусікамі. Колас.
самі́на, ‑ы, ж.
Мяса сома. Лаві ліны і еш саміну — Самы жывуць там, як цяляты! Колас.
самі́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сома, належыць яму. Саміны вус. Саміны плёс. // Прызначаны для лоўлі самоў. Саміныя снасці.
самі́ца, ‑ы, ж.
Тое, што і самка. [Кашалот] шыўся сярод саміц .. — мусіць, разумеючы, што мы імі не цікавімся. Сіпакоў.