самахва́л, ‑а, м.
Разм. Той, хто расхвальвае сам сябе; хвалько.
самахва́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм. Жан. да самахвал.
самахва́льства, ‑а, н.
Разм. Паводзіны, дзеянне самахвала. [Андрэй] мог разам з хлопцамі радавацца, і ў гэтай радасці не было зусім самахвальства і прысваення чужых заслуг. Шахавец.
самахо́д, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.
1. ‑у. Спец. Механічная падача разца або дэталі ў металарэзных станках.
2. ‑а. Назва некаторых машын і транспартных сродкаў са сваёй цягай.
самахо́дам, прысл.
Разм.
1. Пехатой. Ісці самаходам.
2. Сваім ходам (пра спосаб адпраўкі машын).
самахо́дзь, прысл.
Разм. Без кіравання, без прынукі (пра каня, вала). [Сымон:] — Пускай.. [каня] на самаходзь, лішне не турбуй у баразне. Кулакоўскі. // Самацёкам, без садзейнічання. Справа ідзе самаходзь.
самахо́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Разм. Браніраваная машына з артылерыйскім узбраеннем і са сваёй цягай. [Насця] чула .. голас [Андрэя]. Ён гучэў у песні праехаўшых на грузавіку салдат, у грукаце прайшоўшых самаходак. Шамякін.
самахо́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які рухаецца сваёй цягай. Самаходны кран. □ Далёка разносіцца па абуджаных прасторах гул трактароў і самаходных камбайнаў. Пальчэўскі.
2. Які мае на ўзбраенні самаходныя гарматы. Самаходны полк.
самахо́ць, прысл.
Разм. Тое, што і самохаць. [Валодзя:] — Да вайны я вучыўся ў дзевятым класе і трошкі — самахоць — захапляўся скрыпкай. Навуменка.
самацве́т, ‑а, М ‑цвеце, м.
Каштоўны або штучны камень з чыстым тонам афарбоўкі ці бясколерны, празрысты, з яркім бляскам. Уральскія самацветы. □ У сваім нацыянальным адзенні, у беласнежнай чалме, упрыгожанай дарагімі самацветамі, .. [магараджа] вылучаўся сярод масы гасцей у аднолькавых вячэрніх касцюмах. Лынькоў. / у вобразным ужыв. На разлапістых кедрачах мільёнамі самацветаў гарэлі сняжынкі. Лукша. Па ўсім зборніку [А. Пысіна «Твае далоні»] рассыпаны самацветы, залатыя зярняты сапраўднай паэзіі. Бялевіч.