Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

калашма́н, ‑а, м.

Разм.

1. Пра птушку з касматымі нагамі.

2. Зневаж. Пра чалавека ў штанах з шырокімі калашынамі.

калашма́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З касматымі нагамі (пра птушак). Пеўнік калашматы Пырхнуў цераз плот. Шушкевіч.

2. З шырокімі калашынамі (пра штаны). Мне цёпла ў чужых калашматых штанах і ў прасторнай сухой світцы. Скрыган. // Пра чалавека ў такіх штанах.

калашма́ціць, ‑мачу, ‑маціш, ‑маціць; незак., каго-што.

Разм.

1. Шматаць, кудлачыць, тармасіць. [Шолам Кац] доўга разгладжваў, калашмаціў клінок барады, быццам шукаючы ў ім прыдатнага слова. Сабаленка. // Моцна тузаць, цягаць, стараючыся разадраць, пашматаць. Усхапіўшыся, [Вайцех] сеў і аслупянеў адразу: недалёка, якраз насупраць яго, ля бярэзніку, дзесяткі два дзікоў калашмацілі мэдлікі пшаніцы, як толькі маглі. Пташнікаў.

2. Біць, калаціць. — Калашмаціць будзем гэтых паноў. Пестрак.

калашні́к, ‑а, м.

Верхняя частка доменнай печы, вагранкі і пад. разам з адтулінай, праз якую засыпаецца калоша.

калашніко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да калашніка. Калашніковая адтуліна. Калашніковы газ.

калашына́, ы́; мн. калашы́ны (з ліч. 2, 3, 4 калашыны́), калашы́н; ж.

Разм. Тое, што і калоша ​1. [Янаш] закасаў калашыну і паказаў чырвоную апухлую лытку. Няхай. З-за куста выскачыў хлапчук з падкасанымі па калена калашынамі. Гурскі.

калашэ́нне, ‑я, н.

Тое, што і каласаванне ​1. Калашэнне жыта.

калга́с, ‑а, м.

У СССР — кааператыўная арганізацыя сялян, якія дабравольна аб’ядналіся для сумеснага вядзення буйнай сацыялістычнай сельскагаспадарчай вытворчасці на аснове грамадскіх сродкаў вытворчасці і калектыўнай працы. Перадавы калгас. Старшыня калгаса. // зб. Калектыў асоб, якія ўваходзяць у гэта аб’яднанне; калгаснікі. Неўзабаве на балотца прыйшоў увесь калгас. [Дзеці] аддалі бацькам рыдлёўкі і ўвесь свой інвентар. Якімовіч.

калга́снік, ‑а, м.

Член калгаса. Пасля вячэры дзед Мікалай расказаў мне ўвесь свой доўгі жыццёвы шлях: шлях панскага батрака — селяніна-бедняка — калгасніка-ўдарніка. Якімовіч.

калга́сніца, ‑ы, ж.

Жан. да калгаснік.