Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

каланіялі́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каланіялізму, каланіяліста. Каланіялісцкія планы.

каланія́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да калоніі (у 1 знач.). Каланіяльныя народы. Каланіяльная экспансія. // Які з’яўляецца калоніяй. Каланіяльныя краіны. Каланіяльныя землі. // Звязаны з уладаннем калоніямі. Каланіяльная палітыка. Каланіяльная сістэма імперыялізму. Каланіяльны характар эканомікі. Каланіяльны прыгнёт. // Які мае калоніі. Каланіяльная дзяржава.

2. Які жыве калоніямі (у 4 знач.). Каланіяльныя паліпы. Каланіяльныя водарасці.

•••

Каланіяльныя войны гл. вайна.

каланко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каланка. Каланковае футра. // Зроблены з футра, валасоў каланка. Каланковы пэндзаль.

калано́к, ‑нка, м.

Пушны драпежны звярок сямейства куніцавых; водзіцца ў Азіі і Усходняй Еўропе. // Футра гэтага звярка.

каланхо́э, нескл., н.

Трапічная расліна сямейства таўсцянкавых з мясістымі лістамі; выкарыстоўваецца ў медыцыне.

каланча́, ‑ы, ж.

Дазорная вышка пажарнай часці. Пажарная каланча. □ — Да вайны пажарная была на плошчы. Не толькі з каланчы, але і з вокнаў другога паверха, дзе змяшчалася дзяжурка, плошча была як на далоні. Шамякін.

[Цюрк. калача з араб.]

кала́пс, ‑у, м.

Раптоўнае моцнае зніжэнне сардэчнай дзейнасці, якое суправаджаецца слабасцю, часам стратай прытомнасці і пагражае смерцю.

[Ад лац. collapsus — які страціў прытомнасць.]

калара́дскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Каларада, штата ў ЗША.

•••

Каларадскі жук гл. жук.

каларату́ра, ‑ы, ж.

1. Упрыгожванне вакальнай партыі тэхнічна цяжкімі пасажамі, трэлямі, руладамі.

2. Здольнасць голасу выконваць такія пасажы, трэлі, рулады. У спявачкі выдатная каларатура.

[Іт. coloratura.]

каларату́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да каларатуры (у 1 знач.). Каларатурная тэхніка. Каларатурны голас. // З каларатурай. Каларатурная арыя.

2. Які лёгка выконвае каларатуру. Каларатурнае сапрана.