сарамаці́цца, ‑мачуся, ‑мацішся, ‑меціцца; незак.
1. Адчуваць сорам ад усведамлення непрыстойнасці сваіх учынкаў і пад. Сарамаціцца за свае паводзіны.
2. Няславіць, ганьбіць сябе. — Не прыставаць, маладзічкі-і-і! — зычна, імкнучыся весялей гаварыць, кажа нястомная Малання. — Жваве-ей варушыцеся! Не сарамаціцеся перад старой. Мележ. Каб не сарамаціцца перад людзьмі, на дзяльбу не паклікаў.. [Агей] нікога з чужых. Галавач.
3. Саромецца, бянтэжыцца. Праўда, дзяўчаты крышку сарамаціліся. Гроднеў.
сарамаці́ць, ‑мачу́, ‑маці́ш, ‑маці́ць; незак., каго.
1. Дакараць, выклікаючы пачуццё сораму. А настаўнік, нічога не ведаючы, думае, што Ганька падглядвае, і сарамаціць яе... Васілевіч. Калі хто спрабаваў сарамаціць, ушчуваць вырадка — біць яго цяпер, вядома, баяліся, — Пэпік апраўдваўся. Сачанка. Маці заступілася за сына, яна схапіла Хведара за руку і пачала сарамаціць. Пальчэўскі.
2. Ганьбіць, няславіць. Першай, мабыць, даведалася Халімоніха, прынесла вестку ад некага з суседак, зразу ж стала сарамаціць, клясці Ганну. Мележ. [Дзімін:] — Вам, Кашын, трэба праспацца. Я пазваню зараз, каб падрыхтавалі пасцель. Не сарамаціце бацьку. Карпаў. Пражыў ты [Бамбал] хораша век, дык пасядзі і хораша адпачні, не дзяцінься, не сарамаці сябе. Скрыган.
3. Прыводзяць у замяшанне, бянтэжыць, канфузіць. Сарамаціць вучня заўвагамі.
сарамлі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць сарамлівага; нясмеласць. Танцаваў.. [Дабрамыслаў] надзвычай лёгка, і сарамлівасць яго пакінула, ён нават, здаецца, крышачку падпяваў. Лобан.
сарамлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які лёгка саромеецца, бянтэжыцца; нясмелы. Сарамлівы ад прыроды, Пятро заўсёды адчуваў сябе няёмка і быў нязграбны сярод незнаёмых. Шамякін. Алёша ніколі не танцаваў. Ён быў сарамлівы, ніколі не жартаваў з дзяўчатамі, моўчкі трымаўся ў баку ад іх. Дуброўскі. // Які выяўляе хваляванне, збянтэжанасць, нясмеласць. [Андрэй] усміхнуўся: усмешка ў яго была добрая, нібы сарамлівая. Мележ. Голас гарманіста вінаваты, сарамлівы. Бядуля. // Поўны хвалявання, збянтэжанасці, нясмеласці. Любоў гэта сапраўдная — чыстая і сарамлівая. У. Калеснік.
2. Непрыстойны. Калі Язэп апавядаў аб сваім блуканні, аб тым, як цяжка ажаніцца, а яшчэ цяжэй даказаць без метрыкі валасному старшыні, што радзіўся, Настуля трэслася ад злосці і лаяла ўсіх самымі сарамлівымі словамі... Чарот.
сарамя́жасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць сарамяжага. У яе нават асталася тая сарамяжасць, якою.. [Акіліна] вылучалася і ў дзявоцтве. Вітка.
сарамя́жлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць сарамяжлівага; нясмеласць. Ні то сарамяжлівасць яшчэ чыстага сэрца, ні то нейкая асцярога стрымлівала сказаць.. [Ядвісі], што было на душы. Колас. Да публічных выступленняў.. [Купала] не меў асаблівай ахвоты. Відаць, праз прыроджаную сарамяжлівасць. Лужанін.
сарамя́жлівы, ‑ая, ‑ае.
Які саромеецца, бянтэжыцца; нясмелы. — Эх, вы: сарамяжлівая дзяўчына! — прамовіў Сухавараў крыху зняважліва. Колас. Сарамяжлівы і як бы нечым заклапочаны, хлапчук схаваўся за матчыну спіну. Сачанка. // Які выяўляе збянтэжанасць, хваляванне, нясмеласць. Чутны сарамяжлівы голас: — І чаго вы, дзядзька Сілівон, упікаеце нас [хлопцаў] дарэмна. Лынькоў. Вусны.. [Міхася] кранула сарамяжлівая ўсмешка. Аношкін. // Поўны хвалявання, збянтэжанасці. Сарамяжлівая радасць.
сарамя́жнасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць сарамяжнага. Цяпер.. [Вера] пачырванела ўжо не ад сарамяжнасці, а ад гонару. Якімовіч.
сарамя́жны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і сарамяжлівы. Мікалай быў.. ціхім і нават сарамяжным мог здавацца. Чорны. Буйная сарамяжная радасць жыцця ахоплівала.. [Барыса] ля палотнаў Рубенса. Быкаў.
сарамя́жы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і сарамяжлівы. [Макар] звык бачыць дзяўчат трошкі сарамяжымі, хоць бы для прыліку. Сабаленка. Вочы ў чалавека з рухаваю прыжмурынкаю, крыху як бы сарамяжыя. Чорны.