Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сакрамента́льнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць сакраментальнага.

сакрамента́льны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн.

1. Які мае адносіны да рэлігійнага культу; абрадавы, рытуальны. // Свяшчэнны, варты пакланення.

2. Традыцыйны, які стаў звычаёвым. Сакраментальная фраза.

[Лац. sacramentalis.]

сакрата́р, ‑а, м.

1. Асоба, якая вядзе справаводства, канцылярыю якой‑н. арганізацыі або перапіску і справы прыватнай асобы. Сакратар канцылярыі. Асабісты сакратар. □ Дзядзька Рыгор сказаў сакратару, каб напісаў дзеду даведку. Якімовіч.

2. Асоба, якая піша пратакол сходу, пасяджэння і пад. Сакратар сходу, заслухаўшыся, нічога не пісаў. Шахавец.

3. Выбарны кіраўнік якой‑н. арганізацыі, якога‑н. органа. Сакратар райкома партыі. Сакратар Саюза пісьменнікаў. □ Камсамольска сакратар гаварыў маладым, звонкім голасам. Кавалёў. Сёння запрашаць на сход прыйшоў сам сакратар калгаснага партбюро Глеб Званец. Дуброўскі.

4. Асоба, якая загадвае арганізацыйна-выканаўчым аддзелам якой‑н. установы. Вучоны сакратар інстытута. □ Рэдактара яшчэ не было. Лабановіча прыняў сакратар рэдакцыі, малады, бялявы, прылізаны чалавек. Колас.

5. Драпежная птушка афрыканскага кантынента з доўгімі нагамі і чубам на галаве ў выглядзе гусінага пяра.

[Фр. secrétaire.]

сакрата́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Жан. да сакратар (у 1 знач.).

сакрата́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сакратара, належыць, уласцівы яму. Сакратарская пасада. Сакратарскія абавязкі.

сакрата́рства, ‑а, н.

Выкананне сакратарскіх абавязкаў; пасада сакратара. [Мароз:] — Я вось пра што. Ты думаеш, што я так шкадую свайго сакратарства? Нялёгкі гэта кавалачак. Пасядзі, паспрабуй. Лобан.

сакратары́ха, ‑і, ДМ ‑рысе, ж.

Разм. Жонка сакратара. Сакратарысе, відаць, стала няёмка, што патурбавала такой недарэчнай просьбай заслужаную настаўніцу, і яна хуценька развіталася. Шамякін.

сакрата́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм. Выконваць абавязкі сакратара; быць сакратаром. — А калі ён [сын] такі ўжо грамацей, — сказала маці, — няхай будзе сакратаром. Хай сакратарыць!.. Бялевіч.

сакратарыя́т, ‑а, М ‑рыяце, м.

1. Арганізацыйна-выканаўчы орган, аддзел пры ўстанове ці арганізацыі для вядзення бягучых спраў. Сакратарыят міністэрства. Сакратарыят Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. // Супрацоўнікі гэтага органа, аддзела.

2. Асобы, выбраныя на сходзе, канферэнцыі і пад. для вядзення пратаколаў. Сакратарыят канферэнцыі.

[Фр. secrétariat.]

сакратарыя́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сакратарыята (у 1 знач.), належыць яму. Сакратарыяцкая бібліятэка.