самастрахо́ўка, ‑і, ДМ ‑хоўцы, ж.
1. Спец. Страхоўка спартсменам самога сябе пры выкананні якога‑н. практыкавання. Самастрахоўка альпініста.
2. Залішняя прадбачлівасць і імкненне засцерагчы сябе ад чаго‑н. непрыемнага. Праўда, у .. Маніных словах заўсёды была доля самастрахоўкі. Васілевіч.
самастрахо́ўшчык, ‑а, м.
Разм. Той, хто праяўляе празмерную асцярожнасць у чым‑н., каб застрахаваць сваю асобу ад адказнасці за непажаданы вынік. [Гарлахвацкі:] Каб я быў такі самастрахоўшчык, як іншыя, дык мог бы прапанаваць вам [Чарнавусу] падаць заяву аб уходзе. Крапіва.
самастрэ́л 1, ‑а, м.
1. Старажытная зброя для кідання стрэл і камення, якая складаецца з лука з прыкладам і спускавога механізма. // Дзіцячая цацка ў выглядзе такой зброі.
2. Спец. Пастка спецыяльнай канструкцыі на шашкоў, якая нагадвае лук.
самастрэ́л 2, ‑а і ‑у; м.
1. ‑у. Наўмыснае раненне самога сябе (з мэтай ухілення ад ваеннай службы). Сапраўдны салдат ніколі не зробіць самастрэлу. Гурскі.
2. ‑а. Разм. Салдат, які знарок раніў сябе.
самастрэ́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да самастрэла 1.
2. Які аўтаматычна страляе. Самастрэльная зброя.
самасу́д, ‑у, М ‑дзе, м.
Самачыннае, без ведама ўлад і суда пакаранне чалавека, якога западозрылі ці абвінавацілі ў злачынстве. [Грышка:] — Пакуль не позна — не дайце рабіць самасуду пад сялянамі. Віламі і тапарамі абаран[і]це заўтра тых, каго жандары павесіць захочуць. Мы вам паможам... Чарот. Каб Лясніцкі спазніўся на адну хвілінку, усё было б скончана. Суду не было б чаго рабіць. Але камісар сурова спыніў самасуд. Шамякін. // Асуджэнне самім якіх‑н. сваіх учынкаў, дзеянняў. Як вядома, здольнасць да самага, глыбокага самасуду — яшчэ не прыкмета, глыбокай маральнасці. «ЛіМ».
самасу́дны, ‑ая, ‑ае.
Які ўчыняецца самасудам. Самасудная расправа.
самасузіра́нне, ‑я, н.
1. Разглядванне, сузіранне сябе.
2. Паглыбленне ў сябе, у свой унутраны свет.
самасупакае́нне, ‑я, н.
Тое, што і самазаспакаенне.
самасупако́енасць, ‑і, ж.
Тое, што і самазаспакоенасць.
самасупако́ены, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і самазаспакоены.