Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

самаса́дачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які асядае натуральным шляхам, сам сабой. Самасадачная соль.

2. Які ўтрымлівае самасадку. Самасадачнае возера.

самаса́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

Соль, якая асела сама сабой у саляных азёрах.

самасвядо́масць, ‑і, ж.

Яснае разуменне сваёй сутнасці, сваіх адметных уласцівасцей, сваёй ролі ў жыцці, у грамадстве. Класавая самасвядомасць. Рост нацыянальная самасвядомасці. □ Трэба выхоўваць у кожнага маладога чалавека пачуцці савецкая патрыятызму і пралетарскага інтэрнацыяналізму, высокай класавай самасвядомасці. Машэраў.

самасе́й, ‑ю, м.

Тое, што і самасейка. Мак-самасей. □ [Сланечнік] вырас самасей вясною расштурхаў лебяду, растапырыў пад маім акном шурпатыя, са светлым павуціннем жылак лісці. Капыловіч.

самасе́йка, ‑і, ДМ ‑сейцы, ж.

Расліна, якая вырастае з насення, што само асыпалася. Табака-самасейка. □ Каля прызбы, дзе некалі быў агародчык, ужо вялікая мята, відаць, самасейка. Кулакоўскі. За год на гектары, у лепшым выпадку, прырастае тры кубаметры драўніны. А колькі займаюць хмызнякі ды бяроза-самасейка! Мяжэвіч.

самасе́йны, ‑ая, ‑ае.

Які вырастае з насення, што само асыпалася, рассеялася. Самасейны лес.

самасе́ў, ‑севу, м.

1. Прыроднае распаўсюджанне раслін насеннем, што асыпаецца само. Некалі дуб рос выключна самасевам, а цяпер мы высаджваем яго штогод на тысячах гектараў у Беларусі. Мяжэвіч.

2. Тое, што і самасейка. Бяроза-самасеў.

самаскі́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Тое, што і самазвал. Бетонамяшалкі праз роўныя прамежкі часу выкідалі гатовы замес у жалезныя кузавы самаскідаў. «Полымя».

самаскіда́льны, ‑ая, ‑ае.

Які аўтаматычна скідае што‑н. Самаскідальны механізм.

самаскі́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Жняярка, якая аўтаматычна скідае нажатае.