самапа́сам, прысл.
Разм. Без нагляду; на свабодзе. На.. [лузе] ўсю вясну, лета і восень самапасам пасвяцца гусі. Сачанка. Бацька мала калі бачыў сына, бо дзень і ноч быў заняты работай у сваім міністэрстве. Сын рос самапасам. Шахавец. Фэлькавы дзеці жылі самапасам, без мацярынскага догляду і бацькавай ласкі. С. Александровіч. // Без занятку, сам па сабе. Не жывуць самапасам і меншыя [дзеці]: у таго клопат — трусоў дагледзець, таму трэба бацвіння назбіраць і ў карыце насекчы. Ракітны. // Без дазволу, самавольна. [Алена Собаль:] — Старшыня.. [Геньку] не пускае і грозіць, што не дасць ніякіх дакументаў, калі ён толькі паедзе самапасам. Паслядовіч. // Без кіраўніцтва, як хто ўмее, як можа. У некаторыя ўрачыстыя дні.. складаецца саматужны хор. Ніхто ім не кіруе, спяваюць самапасам, як хто ўмее. Колас.
самапаўтарэ́нне, ‑я, н.
Паўтарэнне чаго‑н. раней самім сказанага, зробленага. Імкненне пазбегнуць самапаўтарэння.
самапаўто́р, ‑у, м.
Тое, што і самапаўтарэнне. Самапаўторы прыводзяць не толькі да лагічных няўвязак, але і да цьмяных вобразаў, блытаніны. «Полымя».
самапацясне́нне, ‑я, н.
Добраахвотнае адмаўленне ад карыстання часткай жылой плошчы, у выніку чаго ствараецца магчымасць усялення дадатковых жыльцоў.
самапацясні́цца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
Зрабіць самапацясненне.
самапацясня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.
Незак. да самапацясніцца.
самапераку́льны, ‑ая, ‑ае.
Які аўтаматычна перакульваецца. Самаперакульны вагон.
самапі́сец, ‑пісца, м.
Вымяральны прыбор, які аўтаматычна запісвае свае паказанні. Самапісец ціску. Самапісец узроўню вады.
самапі́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.
Разм. Тое, што і аўтаручка. [Сабалеўскі] адчыніў скураны партфель, дастаў з яго, відаць, спецыяльна для гэтай справы заведзеную папку з паперамі і ўзброіўся самапіскай з залатым пяром. Машара.
самапі́сны, ‑ая, ‑ае.
Які аўтаматычна робіць запіс якіх‑н. паказчыкаў. Самапісны механізм.