Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сакрэ́тнік, ‑а, м.

1. Род пісьмовага стала з адкідной дошкай і шуфлядкамі для папер.

2. Разм. Чалавек, які выконвае сакрэтнае даручэнне. Казюк пачаў нават страляць. Але сакрэтнікі не паддаліся і паставілі на сваім... Чарот. // Асоба, якая любіць сакрэтнічаць.

[Фр. secrétaire.]

сакрэ́тніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да сакрэтнік (у 2 знач.).

сакрэ́тнічанне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сакрэтнічаць.

сакрэ́тнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Гаварыць з кім‑н. па сакрэту; таптацца. Дзяўчаты сакрэтнічалі, седзячы на выстаўленых у калідор сталах. Карпюк.

сакрэ́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца сакрэтам, невядомы ўсім; тайны. Сакрэтны пакет. □ Любіў [Даніла] таксама патаемна Лісток сакрэтны пачытаць. Колас. [Партызаны] не ведаюць аднаго сакрэтнага слова, ключа ў нямецкі абарваны круг. Брыль. [Гарлахвацкі:] У цябе там у пакоі, здаецца, людзі ёсць?.. Папрасі ўсіх выйсці. Так, размова будзе сакрэтная. Крапіва. // Звязаны з вядзеннем спраў закрытага парадку. Сакрэтная работа. Сакрэтны аддзел. □ Не дарма ўжо праз некалькі дзён паслаў.. [Лялькевіч] Даніка ў Гомель з нейкім сакрэтным заданнем. Шамякін. // Сакрэтна размешчаны. І бамбавозы з сакрэтных баз Прагнуць закрыць наша сонца ў небе... Панчанка.

2. Мудрагелістай канструкцыі, з механізмам, дзеянне якога вядома не ўсім. Сакрэтны замок. □ Хата Паўлюкова была завалена з сярэдзіны сакрэтным завалам. Зарэцкі.

сакрэ́цыя, ‑і, ж.

Выпрацоўка і выдзяленне асобых рэчываў, патрэбных для жыццядзейнасці арганізма. Залозы ўнутранай сакрэцыі.

[Ад лац. secretio — аддзяленне.]

сакс,

гл. саксы.

саксау́л, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Невысокае бязлістае дрэва (або хмызняк) сямейства маравых, якое расце ў сярэднеазіяцкіх саланчаковых пустынях. Белы саксаул. □ Барханы, быццам жоўтыя маршчыны, Апален жорсткай спёкаю пясок, І саксаул калючыя галіны Ад сонца адварочвае ўбок. Лукша. / ‑у, у знач. зб. Пасадка саксаулу.

2. ‑у; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва.

[Цюрк.]

саксау́лавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да саксаула, складаецца з саксаула. Саксаулавае паліва. Саксаулавы гай.

саксау́льнік, ‑у, м.

Зараснік саксаулу.