Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

самаадда́ча, ‑ы, ж.

Поўная аддача ўсіх сіл, здольнасцей, ведаў якой‑н. справе. Працаваць з поўнай самааддачай. □ Гэтая сцэна [са спектакля «Жывы труп»] можа служыць узорам акцёрскай натхнёнасці і самааддачы. Сабалеўскі.

самаадкрыццё, ‑я, н.

Адкрыццё чаго‑н. для сябе самога. Сама па сабе метафара не новая, але якая натуральнасць інтанацыі, якая шчырасць лірычнага самаадкрыцця! Макаль.

самаадмаўле́нне, ‑я, н.

Адмаўленне сваіх асабістых вартасцей, заслуг.

самаадрачэ́нне, ‑я, н.

Свядомае адмаўленне ад асабістых выгад у імя каго‑, чаго‑н. Скарына — выдатны тып вучонага-гуманіста, якому чужой была афіцыйная царкоўная мараль з яе пропаведдзю самаадрачэння і пакорлівасці. Алексютовіч.

самаадука́цыя, ‑і, ж.

Набыццё ведаў самастойнай работай па-за навучальнымі ўстановамі, без дапамогі выкладчыкаў. Ідучы дамоў, Змітрок аб усім перадумаў і прыйшоў да вываду: працаваць над сабой, пакуль хопіць сілы, займацца самаадукацыяй. Хведаровіч.

самаадчува́нне, ‑я, н.

Агульны фізічны і маральны стан чалавека, які залежыць ад яго здароўя і настрою ў дадзены момант. [Мама] не пайшла больш ні на ток, ні ў поле: у яе было дрэннае самаадчуванне. Шамякін. [Залатарова:] — Каб зрабіць дасканалае даследаванне, бывае мала адных аб’ектыўных паказанняў. Трэба ведаць самаадчуванне хворага. Мяжэвіч.

самаакісле́нне, ‑я, н.

Рэакцыя акіслення, якая адбываецца без каталізатараў.

самаако́пванне, ‑я, н.

Пабудова самімі байцамі прасцейшага ўкрыцця ад агню ворага.

самаакупі́цца, ‑купіцца; зак.

Пакрыцца даходамі без фінансавай дапамогі (пра расходы). Выданне кнігі самаакупілася.

самаакупля́цца, ‑яецца.

Незак. да самаакупіцца.