сабакагало́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае галаву, падобную на сабачую.
2. у знач. наз. сабакагало́выя, ‑ых. Агульная назва буйных наземных малп падсямейства мартышкавых, у якіх галава падобна на сабачую. Мандрылы і павіяны адносяцца да сабакагаловых.
сабаказна́вец, ‑наўца, м.
Спецыяліст па сабаказнаўству.
сабаказна́ўства, ‑а, н.
Навука аб пародах сабак, метадах іх развядзення і выкарыстання.
сабаказна́ўчы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сабаказнаўства.
сабакападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Па выгляду падобны да сабакі. Сабакападобныя малпы.
сабака́р, ‑а, м.
1. Чалавек, які даглядае сабак у спецыяльным гадавальніку, у сабачніку.
2. Лаянк. Той, хто ганяе, дражніць сабак. Прыбегла і мая ўстрывожаная маці... А як паглядзела, што мы вясёлыя і здаровыя, на цёплай печы грэемся, узрадавалася і кажа: — Дык няхай мо ў вас і начуе мой сабакар? Якімовіч.
3. Разм. Брахун, чалавек, які любіць лаяцца, гаворыць брыдкія словы. Тады ўзяўся ажаніць.. [Івана] купец з мястэчка, свінабой. От, сабакар і п’яніца, ды брахаць вельмі спрытны. Брыль.
сабака́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Разм. Жан. да сабакар (у 3 знач.).
сабака́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сабакарні (у 1 знач.). Сабакарны двор.
сабака́рня, ‑і, ж.
1. Памяшканне для сабак; сабачнік.
2. Разм. Зграя сабак. Як настае дзень, так і лезе з нажом да горла жонка: «Сабакарню цэлую развёў... Патапі, а то...». Сачанка. У сто сабачых галасоў завыла сабакарня. Зарыцкі.
сабака́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сабакара, які належыць, уласцівы яму. Сабакарская пасада. Сабакарскія абавязкі.