Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

качарга́, і́, ДМ ‑рзе́; мн. качэ́ргі (з ліч. 2, 3, 4 качаргі́), качэ́рг і ‑аў; ж.

Жалезны прут, сагнуты на канцы, для перамешвання паліва ў печы, выграбання попелу і пад. Падбярэцкі рассунуў вуголле качаргой у бакі і паклаў у агонь два ланцугі. Пташнікаў. [Дзіміна] стаяла крыху ўбаку і безуважна пазірала, як плавільшчык качаргой ачышчае печ ад шлаку. Карпаў.

•••

Ні богу свечка, ні чорту качарга гл. свечка.

качарэ́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жан; ж.

Памянш. да качарга; невялікая качарга. Маці грозна пазірае на качарэжку каля печы. Лынькоў.

качарэ́жнік, ‑а, м.

Вугал каля печы, дзе стаяць качарга, вілкі, чапяла і інш. Матка паставіла чапялу ў качарэжнік і падышла да стала. Пянкрат. У качарэжніку, замест чапялы і вілак, стаяла на табурэце ацынкаванае вядро. Паслядовіч.

кача́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Тое, што і каціцца ​1 (у 1 знач.), аднак абазначае рух, які адбываецца ў розны час і ў розных напрамках. Мяч качаецца па падлозе. // Пераварочвацца, перавальвацца з боку на бок (пра чалавека, жывёлу). На падлозе, счапіўшыся, качаліся бацька і незнаёмы паліцай. Шамякін. Конь пачаў кідацца ў бакі, качацца па зямлі і стукаць нагамі. Чорны. // Ляжаць, валяцца (у пяску, гразі і пад.). Качацца па снезе. □ Зранку і да самага вечара галышамі качаюцца тут дзеці, то ў пяску, то ў вадзе. Колас.

2. Ляжаць без справы, без сну. [Сомік] начамі падоўгу качаўся, не мог заснуць. Крапіва.

3. Разм. Хварэць, быць хворым. — Я таксама хутка пачну працаваць. Здароўе папраўляецца. Праўда, сёння яшчэ першы раз выйшаў. Дагэтуль качаўся ўсё. Машара. — [Сын] з месяц качаўся з прабітым плячом. Грахоўскі.

4. Разм. Гадавацца, расці без догляду, у цяжкіх умовах (пра дзяцей). [Марыля:] Як толькі нарадзіўся [сын], дык і то сябе паказаў — грудзей не прыняў, так, без малака, качаўся. Купала.

5. Паддавацца качанню ​2. Перасохлая бялізна дрэнна качаецца.

6. Зал. да качаць.

•••

Качацца (з) жыватом — хварэць на жывот.

Качацца са смеху — моцна смяяцца.

Качацца як сыр у масле — жыць у дастатку.

кача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Тое, што і каціць (у 1 знач.), аднак абазначае рух, які адбываецца ў розны час і ў розных напрамках. Качаць бярвенне. □ Дзеці дружна на бульвары Абручы качаюць. А. Александровіч. На палубе матросы качаюць бочкі, носяць скрынкі. Сіпакоў.

2. Размякчаючы рукамі і рухаючы па якой‑н. паверхні, надаваць чаму‑н. акруглую форму. Глядзелі хлопцы, як на дзіва, Як дзядзька, цеста замяшаўшы, Качаў галушкі, міску ўзяўшы. Колас.

3. Паварочваць з боку на бок у чым‑н. сыпкім, вязкім. Качаць рыбу ў муцэ. Качаць бульбіну ў тлушчы.

4. Разгладжваць, выпростваць з дапамогай качалкі, качалак. Качаць бялізну. // Спец. Рабіць пракатку. Качаць ліставое жалеза.

5. Разм. Падкідваць каго‑н. на руках, выражаючы радасць, захапленне і пад. А тут падхапілі Міколку на рукі і ну качаць. Лынькоў. Адкасілі шчыра — Сенажаці чыстыя... І качаюць брыгадзіра Дзецюкі плячыстыя. Маляўка.

6. Валіць на зямлю, перамагаць (пры дужанні, бойцы і пад.). [Валя] абівала ў мяне з плячэй снег, калі Пеця качаў нас у гурбах. Пташнікаў.

ка́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Вадаплаўная птушка сямейства качыных з шырокай пляскатай дзюбай і кароткімі шырока расстаўленымі лапкамі. Дзікая качка. Свойская качка. □ Гусі і качкі гнездзяцца над самай вадою. Чорны. З рэзкім посвістам крылаў праляцела чародка качак. Асіпенка.

•••

Ні качка, ні швачка — пра жанчыну, не здатную ні да якой справы.

Няхай яго (яе, іх, цябе, вас) качкі (стопчуць) (жарт.) — выражае незласлівае абурэнне, здзіўленне, захапленне.

качкано́с, ‑а, м.

Яйцаносная млекакормячая жывёліна сямейства аднапраходных, у якой пярэдняя частка галавы выцягнута і заканчваецца шырокай дзюбай, падобнай на качыную (водзіцца ў Аўстраліі і Тасманіі).

качу́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Драўлянае кола, якое качаюць дзеці дзеля забавы. Пасярэдзіне зялёнай вулкі Мы ганялі некалі качулкі. Панчанка.

2. Драўляны прадмет цыліндрычнай формы, з дапамогай якога ставяць у печ і выцягваюць з яе вялікія чыгуны.

качу́р, ‑а, м.

Абл. Качар. У загоне, паміж сухіх мінулагодніх чаротаў, раптам голасна закрычаў качур. Краўчанка.

качу́ча, ‑ы, ж.

Іспанскі народны танец, які выконваецца з кастаньетамі.

[Ісп. cachucha.]