качаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Тое, што і каціць (у 1 знач.), аднак абазначае рух, які адбываецца ў розны час і ў розных напрамках. Качаць бярвенне. ▪ Дзеці дружна на бульвары Абручы качаюць. А. Александровіч. На палубе матросы качаюць бочкі, носяць скрынкі. Сіпакоў.

2. Размякчаючы рукамі і рухаючы па якой‑н. паверхні, надаваць чаму‑н. акруглую форму. Глядзелі хлопцы, як на дзіва, Як дзядзька, цеста замяшаўшы, Качаў галушкі, міску ўзяўшы. Колас.

3. Паварочваць з боку на бок у чым‑н. сыпкім, вязкім. Качаць рыбу ў муцэ. Качаць бульбіну ў тлушчы.

4. Разгладжваць, выпростваць з дапамогай качалкі, качалак. Качаць бялізну. // Спец. Рабіць пракатку. Качаць ліставое жалеза.

5. Разм. Падкідваць каго‑н. на руках, выражаючы радасць, захапленне і пад. А тут падхапілі Міколку на рукі і ну качаць. Лынькоў. Адкасілі шчыра — Сенажаці чыстыя... І качаюць брыгадзіра Дзецюкі плячыстыя. Маляўка.

6. Валіць на зямлю, перамагаць (пры дужанні, бойцы і пад.). [Валя] абівала ў мяне з плячэй снег, калі Пеця качаў нас у гурбах. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)