кача́цца,а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Тое, што і каціцца 1 (у 1 знач.), аднак абазначае рух, які адбываецца ў розны час і ў розных напрамках. Мяч качаецца па падлозе. // Пераварочвацца, перавальвацца з боку на бок (пра чалавека, жывёлу). На падлозе, счапіўшыся, качаліся бацька і незнаёмы паліцай. Шамякін. Конь пачаў кідацца ў бакі, качацца па зямлі і стукаць нагамі. Чорны. // Ляжаць, валяцца (у пяску, гразі і пад.). Качацца па снезе. ▪ Зранку і да самага вечара галышамі качаюцца тут дзеці, то ў пяску, то ў вадзе. Колас.

2. Ляжаць без справы, без сну. [Сомік] начамі падоўгу качаўся, не мог заснуць. Крапіва.

3. Разм. Хварэць, быць хворым. — Я таксама хутка пачну працаваць. Здароўе папраўляецца. Праўда, сёння яшчэ першы раз выйшаў. Дагэтуль качаўся ўсё. Машара. — [Сын] з месяц качаўся з прабітым плячом. Грахоўскі.

4. Разм. Гадавацца, расці без догляду, у цяжкіх умовах (пра дзяцей). [Марыля:] Як толькі нарадзіўся [сын], дык і то сябе паказаў — грудзей не прыняў, так, без малака, качаўся. Купала.

5. Паддавацца качанню 2. Перасохлая бялізна дрэнна качаецца.

6. Зал. да качаць.

•••

Качацца (з) жыватом — хварэць на жывот.

Качацца са смеху — моцна смяяцца.

Качацца як сыр у масле — жыць у дастатку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)