Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

кало́ць 1, калю, колеш, коле; незак., каго-што.

1. Датыкаючыся чым‑н. вострым, выклікаць боль. Хвойнік рабіўся ўсё гусцейшым і гусцейшым. Іголкі балюча калолі рукі, твар. Шамякін. [Маці] засынала і пальцы калола іголкай. Бядуля. // Выклікаць востры, калючы боль. З мёрзлай зямлі ўзнімаўся пякучы пыл і калоў твар, як іголкамі. Чорны. // безас. Пра адчуванне вострага, пранізлівага болю, калацця. Ад невыразнага жалю падгіналіся ногі, тонкімі іголкамі калола пад сэрца, забівала дух. Мурашка. Далёка на захад распасцёрся акіян і так блішчаў на сонцы, што аж у вочы калола. Маўр.

2. Утыкаючы што‑н. вострае, рабіць дзірку, адтуліну ў чым‑н.; праколваць. Калоць паперу. Калоць шылам скуру.

3. Разм. Рабіць укол, уколы. — Дык жа баліць, як колюць, — жаласліва цягнуў Алік. Ваданосаў.

4. Разм. Бадаць, пароць (рагамі). Бедная тая дамова, дзе вала коле карова. Прыказка.

5. без дап. Ваюючы, б’ючыся, наносіць каму‑н. раны вострай зброяй. Усе стралялі з блізкай дыстанцыі. Крычалі, стралялі, падалі, стагналі, калолі штыхамі. Чорны.

6. Забіваць чым‑н. вострым (свіней). У адной з шчылін бервяна тырчала адмысловае шыла, якім Варташэвіч калоў свіней. Гурскі.

7. і без дап.; перан. Рабіць каму‑н. з’едлівыя, колкія заўвагі; папракаць каго‑н. [Жанчыны].. рабілі невялічкі перапынак, абедалі і з новымі сіламі калолі адна другую самымі адвостранымі словамі. Пянкрат. // Пра варожы, пільны позірк. [Таццяна] не бачыла .. [немцаў], але адчувала, што іх пільныя позіркі колюць яе спіну. Шамякін. Заўсёды былі мною нездаволены. Вечна калолі мяне, як цвікамі, злоснымі вачамі. Бядуля. // Выклікаць непрыемнае пачуццё, раздражняць. Другое, што [Любу] непрыемна калола — гэта сустрэча з новай свякрухай. Васілевіч.

•••

Калоць (у) вочы — а) чым папікаць, дакараць, сарамаціць. — Калоць мне вочы сынам я нікому не дазволю! — цвёрда папярэдзіў .. [Кірыла], чамусьці звяртаючыся да Тукалы. Шамякін; б) быць непрыемным каму‑н., раздражняць. Не так балеў Кустрэю гэты авёс, як калолі яму вочы і гладкія бакі і таўсматы карак Цімохавага бычка. Колас.

Праўда вочы коле гл. праўда.

кало́ць 2, калю, колеш, коле; незак., што.

Рассякаць на часткі; расшчапляць, раздрабняць. Калоць дровы. Калоць лёд. Калоць цукар.

кало́чак, ‑чка, м.

Памянш.-ласк. да калок; невялікі калок. Даніла адаткнуў калочак з дна каша, высыпаў у торбу рыбу. Капыловіч.

кало́ша 1, ‑ы, ж.

Частка штаноў, якая надзяваецца на адну нагу; калашына. Падкасаць калошы. □ Голыя пяты блішчалі здалёк з-пад даўгіх нагавічных калошаў. Чорны. Борздзенька нацягваеш на сябе кашулю, штаны — ногі не трапляюць у калошы, і злуешся. Сачанка.

кало́ша 2, ‑ы, ж.

Порцыя матэрыялаў (коксу, руды і флюсу), якая засыпаецца за адзін раз у доменную печ, вагранку і інш.

калу́га, ‑і, ДМ ‑лузе, ж.

Буйная прамысловая рыба сямейства асятровых, якая водзіцца ў басейне ракі Амур.

калу́жніца, ‑ы, ж.

Абл. Лотаць. Столькі фарбаў цяпер у свежай зелені палёў, .. у зелені лугоў, папырсканай жаўцізной расцвіўшай калужніцы, у сіняватай смузе далягляду! Брыль.

калумба́рый, ‑я, м.

Месца для захоўвання урнаў з прахам пасля крэмацыі.

калу́н, ‑а, м.

1. Цяжкі тапор з клінападобным лязом для колкі дроў.

2. Разм. пагард. Пра някемлівага, дурнаватага чалавека. Ёсць талентаў багата ў народзе, Ды росту іх часамі шкодзяць — Калуны! Валасевіч.

калупа́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. калупаць, калупацца.

калупа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Капацца, корпацца ў чым‑н., дастаючы што‑н. [Дзеці] калупаліся ў шчылінах скал, ловячы маленькіх рыбак. Маўр. Чухноўскі ўзяў запалку з парабка.., што ляжаў на стале, і стаў калупацца ёю ў люльцы. Пестрак. // перан. Корпацца ў чым‑н., важдацца з чым‑н. Хлапец.. пусціўся на святло і хутка ўбачыў, што шафёр нечага калупаецца ў маторы. Кулакоўскі. Камера лопнула, і.. [Міхась] доўга калупаўся з колам. Кавалёў.

2. перан. Займацца справай, якая патрабуе карпатлівай, працяглай працы; рабіць што‑н. няўмела і марудна. З самага ранку і да вечара калупаўся Мікіта ля хаты, каля стагоў і хлява. Галавач. // у чым. Залішне старанна аналізаваць, разбіраць што‑н. нязначнае, дробязнае. Нецікава было весці далей гутарку ў гэтым тоне і калупацца ў людскім брудзе. Колас.

калупа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Разм.

1. Падчэпліваючы чым‑н. вострым, аддзяляць, абдзіраць што‑н.; рабіць у чым‑н. паглыбленне. Калупаць тынкоўку. □ [Рымша] палкаю выводзіць літары, калупае зямлю каля сцяны млына. Гурскі. [Даніла] збянтэжана калупаў відэльцам хлебную скарынку. Дуброўскі. // Капаць, ускопваць. «Рана бабка свае градкі калупае», — падумаў [Васіль]. Шамякін. — Ну, тайга, дык тайга, нарабілі мы сабе курані і пачалі сяк-так сек[чы] лес ды калупаць зямлю паміж пнёў. Галавач. // а таксама чым і без дап. Капацца, корпацца ў чым‑н., дастаючы адтуль што‑н. Пшыбыцкі сеў, пачаў калупаць нейкай трэсачкай у зубах. Курто.

2. перан. Разм. (у спалучэнні са словамі «зямля», «зямелька» і пад.). Займацца земляробствам, весці гаспадарку. [Змітрок:] А з мяне даволі таго, што я ёсць: што ж будзе, калі ўсе ў прафесары пададуцца? А зямельку хто будзе калупаць? Губарэвіч. Я ніколі не памятаю .. [бацькі] за плугам ці з касой у руках, хаця, відаць, і ён часамі калупаў зямлю. Корбан.