калоць 1, калю, колеш, коле; незак., каго-што.
1. Датыкаючыся чым‑н. вострым, выклікаць боль. Хвойнік рабіўся ўсё гусцейшым і гусцейшым. Іголкі балюча калолі рукі, твар. Шамякін. [Маці] засынала і пальцы калола іголкай. Бядуля. // Выклікаць востры, калючы боль. З мёрзлай зямлі ўзнімаўся пякучы пыл і калоў твар, як іголкамі. Чорны. // безас. Пра адчуванне вострага, пранізлівага болю, калацця. Ад невыразнага жалю падгіналіся ногі, тонкімі іголкамі калола пад сэрца, забівала дух. Мурашка. Далёка на захад распасцёрся акіян і так блішчаў на сонцы, што аж у вочы калола. Маўр.
2. Утыкаючы што‑н. вострае, рабіць дзірку, адтуліну ў чым‑н.; праколваць. Калоць паперу. Калоць шылам скуру.
3. Разм. Рабіць укол, уколы. — Дык жа баліць, як колюць, — жаласліва цягнуў Алік. Ваданосаў.
4. Разм. Бадаць, пароць (рагамі). Бедная тая дамова, дзе вала коле карова. Прыказка.
5. без дап. Ваюючы, б’ючыся, наносіць каму‑н. раны вострай зброяй. Усе стралялі з блізкай дыстанцыі. Крычалі, стралялі, падалі, стагналі, калолі штыхамі. Чорны.
6. Забіваць чым‑н. вострым (свіней). У адной з шчылін бервяна тырчала адмысловае шыла, якім Варташэвіч калоў свіней. Гурскі.
7. і без дап.; перан. Рабіць каму‑н. з’едлівыя, колкія заўвагі; папракаць каго‑н. [Жанчыны].. рабілі невялічкі перапынак, абедалі і з новымі сіламі калолі адна другую самымі адвостранымі словамі. Пянкрат. // Пра варожы, пільны позірк. [Таццяна] не бачыла .. [немцаў], але адчувала, што іх пільныя позіркі колюць яе спіну. Шамякін. Заўсёды былі мною нездаволены. Вечна калолі мяне, як цвікамі, злоснымі вачамі. Бядуля. // Выклікаць непрыемнае пачуццё, раздражняць. Другое, што [Любу] непрыемна калола — гэта сустрэча з новай свякрухай. Васілевіч.
•••
Калоць (у) вочы — а) чым папікаць, дакараць, сарамаціць. — Калоць мне вочы сынам я нікому не дазволю! — цвёрда папярэдзіў .. [Кірыла], чамусьці звяртаючыся да Тукалы. Шамякін; б) быць непрыемным каму‑н., раздражняць. Не так балеў Кустрэю гэты авёс, як калолі яму вочы і гладкія бакі і таўсматы карак Цімохавага бычка. Колас.
Праўда вочы коле гл. праўда.
калоць 2, калю, колеш, коле; незак., што.
Рассякаць на часткі; расшчапляць, раздрабняць. Калоць дровы. Калоць лёд. Калоць цукар.